Андрэй Макаёнак – беларускі савецкі драматург, рэдактар, сцэнарыст, перакладчык і грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік БССР (1977).
Андрэй Ягоравіч нарадзіўся 12 лістапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна ў сялянскай сям’і. Яго дзяцінства было такое ж, як і ў іншых сялянскіх дзяцей таго часу. Бацька быў арганізатарам мясцовага калгаса, вялікім актывістам, ён не даваў сваім старэйшым сынам Андрэю і Івану, нягледзячы на іх дзіцячы ўзрост, адседжвацца дома. Адпраўляў падлеткаў пасвіць свіней.
Сярэднюю школу скончыў у суседніх Журавічах. Яшчэ школьнікам пачаў маляваць, захапляўся разьбой па дрэве. Дарэчы, з жывапісам і разьбой не развітваўся ўсё жыццё. Стаўшы вядомым пісьменнікам, ствараў партрэты блізкіх, сяброў, знаёмых. Пакінуў і аўтапартрэт, выгравіраваны на дрэве.
3 дзяцінства жыло ў сэрцы А.Макаёнка і іншае захапленне. Ніхто з яго аднагодкаў не ўмеў так па-майстэрску чытаць гумарыстычныя вершы, байкі. Быў і актыўным удзельнікам школьнай мастацкай самадзейнасці.
Пасля школы паступіў у ваеннае вучылішча. Але афіцэра з А.Макаёнка не атрымалася. Вярнуўся ў Журавічы, дзе і пачаў працаваць масавіком у мясцовым Доме сацыялістычнай культуры. Праз год вырашыў зноў паступаць, на гэты раз у Маскоўскі інстытут кінематаграфіі. Па конкурсу не прайшоў.
У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, трапіў на фронт, дзе быў цяжка паранены – яму нават пагражала ампутацыя абедзвюх ног. На шчасце, Макаёнак быў своечасова эвакуяваны. У 1942 годзе ён быў прызнаны непрыгодным для службы ў войску і некаторы час працаваў ваенруком у Грузіі.
Пасля вяртання на радзіму працаваў у школе, потым – у райкаме гродзенскага камсамола, дзе ён быў прызначаны другім сакратаром гаркама. Але ў Гродна Макаёнак пражыў нядоўга – перабраўся бліжэй да сям’і ў Магілёў, дзе працаваў партыйным работнікам на чыгуначным вузле.
Затым на працягу года Макаёнак быў памочнікам сакратара Журавіцкага райкама партыі. Крытыкі сцвярджаюць, што менавіта гэтая пасада моцна паўплывала на яго творчасць, таму што там будучы драматург мог бачыць усе праблемы, якія паўставалі перад людзьмі таго часу.
Давялося Макаёнку працаваць і народным суддзёй, але юрыдычная справа яму, да таго ж не меўшаму адпаведнай адукацыі, вельмі не падабалася, таму Макаёнак неўзабаве паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. Але пасля заканчэння на партыйную работу не ўладкаваўся.
Чатыры гады, з 1949-га па 1953-і, Макаёнак працаваў загадчыкам аддзела прозы ў сатырычным часопісе “Вожык”.
У 1959–1974 гг. пісьменнік неаднаразова наведваў в. Любань Лунінецкага раёна. З драматургам сябраваў старшыня калгаса “Новае Палессе” Уладзімір Апанасавіч Сцепчанка (1920–1996), Герой Сацыялістычнай Працы (1966).
Літаратурная праца Андрэя Макаёнка пачалася яшчэ ў гады вайны – дзённікамі і замалёўкамі з фронту, а друкавацца пачаў у 1946 г., пісаў гумарэскі, фельетоны. Затым з’явіліся аднаактныя п’есы “Перад сустрэчай”, “Жыццё патрабуе”, “Крымінальная справа”. Першая кніга Макаёнка выйшла ў 1951-м, а ў наступным годзе ён заявіў пра сябе як пра драматурга п’есай “На досвітку”, якую паставілі на сцэне тэатра імя Янкі Купалы. У 1953 годзе ўбачыла свет камедыя “Выбачайце, калі ласка!” і мела неверагодны поспех.
Пасля трыўмфу сатырычнай камедыі Макаёнак пакінуў журналістыку і цалкам прысвяціў сябе літаратурнай дзейнасці. Толькі ў 1966-1978 гадах ён згадзіўся на пасаду галоўнага рэдактара “Нёмана”, таму што яна дазваляла спрыяць папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры.
Неўзабаве з’явіліся наступныя яго творы: “Каб людзі не журыліся” (1957), “Лявоніха на арбіце” (1961), “Зацюканы апостал” (1969), “Таблетку пад язык” (1972), “Верачка” (1976) і іншыя. Апошні закончаны твор Андрэя Макаёнка – трагікамедыя “Дыхайце эканомна”, якая была апублікавана пасля смерці пісьменніка ў 1983г.
Акрамя п’ес Макаёнак пісаў сцэнарыі для фільмаў, а таксама займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. Ён з’яўляецца аўтарам кінааповесці “Твой хлеб” (1956), сцэнарыяў фільмаў “Шчасце трэба берагчы” (1958), “Кандрат Крапіва” (1961), “Рагаты бастыён” (1975), тэлефільма “Пасля кірмашу” (1973). Пяру Андрэя Макаёнка належаць пераклады многіх п’ес “Трэцяе жаданне” Б.Блажака, “Дабракі” Л.Зорына, “Я, бабуля, Іліко і Іларыён” Н.Думбадзе і Г.Лордкіпанідзе, “Блакада” У.Іванава, “Чацвёрты” К.Сіманава.
За плённую працу пісьменнік быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны”, Кастрычніцкай рэвалюцыі і медалямі. Заслугі Андрэя Макаёнка перад беларускай літаратурай адзначаны званнем народнага пісьменніка БССР (1977), а таксама Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы “Трыбунал” і “Таблетку пад язык”. Андрэй Макаёнак з’яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы за п’есу “Лявоніха на арбіце” (1962).
Драматург раптоўна пайшоў з жыцца ва ўзросце 62 гадоў і быў пахаваны на Усходніх могілках. Імя народнага пісьменніка А. Макаёнка прысвоена Гродзенскай цэнтральнай бібліятэцы і Журавіцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна. Яго імем названа адна з галоўных вуліц нашай сталіцы, на якой ён жыў і на якой знаходзіцца Беларускае тэлебачанне. Імя Макаёнка носіць вуліца ў Гомелі. На радзіме пісьменніка, у Журавічах, яму устаноўлены помнік (1982). У Журавіцкай сярэдняй школе створаны музей, прысвечаны знакамітаму земляку, а у Гомельскай абласной бібліятэцы – Мемарыяльная зала народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка.