13 жніўня 2022 года ў чытальнай зале Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася сустрэча сяброў клуба “Літаратурная правінцыя” з беларускай пісьменніцай і паэткай Аксанай Спрынчан.
Гэта далёка не першая сустрэча вядомай пісьменніцы з лунінецкімі чытачамі. Аксана, ураджэнка Лунінца, амаль штогод наведвае сваю малую радзіму. Госцю прадставіў журналіст і літаратар Вадзім Жылко. Аксана чытала свае новыя творы, адказвала на пытанні слухачоў. У сустрэчы брала ўдзел дачка Аксаны — Альжбэта, якая вучыцца ў 9 класе беларускамоўнай гімназіі. Яна прачытала сваё невялічкае эсэ.
Затым слова ўзялі сябры клуба “Літаратурная правінцыя”. Яны чыталі свае творы, спявалі песні. Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч падараваў паэтцы сваю кнігу “Ходзіць Коця па балоце”. Аксана таксама прыехала з падарункамі. Яна прывезла ў падарунак бібліятэцы кнігі П.Панчанкі “Сэрца маё”, М.Клімковіча “Шкляная лялька”, В.Ліпневіча “Ева, верни ребро!”. А напрыканцы госця прапанавала цікавую гульню, удзел у якой бралі ўсе прысутныя.
Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць узяць аўтограф і сфатаграфавацца з гасцямі.
Фота Віктара Пінігіна