Прадметы сялянскага быту

Веялка-шуфлік. Ручная прылада для веяння абмалочанага збожжа. Лёгкая драўляная лапатка (даўжыня 30 см, шырыня – 15 см.) з кароткай ручкай. Дно ўвогнутае (выдзеўбанае). Рабілі з суцэльнага кавалка дрэва.

Вярэнька. Каробка, плеценая з бяросты, лазы. Мела розную форму з адной ці дзвюма ручкамі, з глыбокім вечкам і без вечка. Прызначалася для пераноскі прадуктаў і гародніны.


Гарлач. Ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў. З выгнутым тулавам, пукатымі бакамі, завужаным горлам.

Грэбень (лакальная назва — грэбёнка). Выкарыстоўваўся для расчэсвання валасоў, для вычосвання вошаў


Дудачка. Народны музычны інструмент, які складаецца з бузіннай трасціны ці чароту і мае некалькі бакавых адтулін, а для ўдзімання – муштучок.

Збан. Ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для захоўвання малака і іншых вадкіх прадуктаў. Рабілі з выцягнутым тулавам, пукатымі бакамі, звужаным горлам, вушкам-ручкай.


Калыска вісячая. Даўні від народнай мэблі, дзіцячы ложак. Зроблена з дрэва, падвешана на чатырох вяроўках да бэлькі.

Капыл. Драўляныя калодкі для надання формы абутку. Зроблены з кавалка дрэва ў форме ступні, на ім шавец робіць абутак.


Качалка і валок.  Выкарыстоўвалі для прасавання бялізны і вопраткі. Бялізна наматвалася на качалку, пасля чаго некалькі разоў старанна пракатвалася валком («рубелем») – доўгай драўлянай плашкай з рэбрамі на ніжняй паверхні і ручкай на канцы. Валок з характэрным стукам перекатваў качалку, рэбры яго пры гэтым разміналі валокна тканіны. Гэта прыстасаванне называлася таксама «ребрак», «раскатка», «пральнік».

Качарга (лакальная назва — ковэня). Хатні бытавы (пячны) інвентар. Жалезная палка, загнутая пад прамы вугал. Служыць для перамяшчэння гаршкоў, чыгункоў у печы і для выграбання попелу.


Кош. Плеценая ёмістасць з лазы сярэдняга памеру для збірання і пераносу гародніны, бульбы, садавіны, грыбоў і інш. Мае драўляную ручку.

Карзіна. Ёмістасць плеценая з лазы для захоўвання штучных прадметаў.


Кораб. Пасудзіна, сплеценая з саломы і лубу, для захоўвання або пераноскі сыпучых прадуктаў (зерня). Круглы, мае канфігурацыю збанка.

Лава. Даўні від народнай мэблі. Доўгая, шырокая дошка, на падпорках-ножках. Выкарыстоўвалася як прыстасаванне для сядзення, а калі не хапала ложкаў, клаліся спаць на лавах.


Лапата-шуфель. Драўляная лапата для зграбання зерня, мякіны, адкідвання снегу, смецця. Драўляны, з доўгім дзяржаннем, выдзяўбаны з цэльнага дрэва.

Лыжка. Прадмет сталовага прыбора. Драўля ная. Мае круглы чарпачок і ручку для дзяржання. Служыла для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы.


Маслабойка. Пасудзіна для збівання масла. Вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкі (біла), верхні канец якой выходзіў вонкі, a да ніжняга прымацоўвалі кружок з дзіркамі (пашыраны варыянт) ці крыжавіну (ударная частка).

Начоўкі (вялікая). Карытападобная пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. Прызначалася для мыцця бялізны, прыгатавання сечанай капусты (якую ссыпалі затым ў бочку), мяса для каўбас. Рабілі з драўлянага цурбана, колатага папалам.


Начоўкі (малая). Невялікае карыта з дрэва для ачысткі (правейвання) зерня ў хатніх умовах. (

Прас. Прылада для разгладжвання складак на тканіне. Металічны прас напаўняўся вуглямі з печы. Такія прасы выкарыстоўвалі ў асноўным для прасавання тканін з iльну, бавоўны, сукна.  Прас пасля прасавання патрабавалася чысціць ад вуглеў.


Пральнік. Плоскі драўляны брусок з ручкай для выбівання бялізны пры мыцці ці для абівання, абмалоту лёну.

Печ хатняя (макет печы). Прыстасаванне для прыгатавання гарачых страў, выпякання хлеба, абагравання памяшкання, сушкі і іншае.


Ражаны (лакальная назва — вілкі). Хатні бытавы (пячны) інвентар. Паўкруглы жалезны рагач (ухват), насаджаны на доўгае драўлянае цаўё. Служыць для падхвату гаршкоў, чыгункоў, якія ставяць у печ або дастаюць з яе. У сялянскай хаце вілкі займаюць месца каля качарэжніку, разам з качаргой, чапялой і іншым пячным інвентаром.

Рубанак. Ручны дрэваапрацоўчы інструмент для роўнага згладжвання паверхні драўляных вырабаў адносна невялікіх памераў.


Рэшата. Прылада для прасейвання мукі ці правейвання зерня. Абечак рабілі звычайна з сухога лубу, дно – з рагожнай ці валасяной сеткі.

Самавар. Металічны прыбор для кіпячэння вады з награвальнай трубой у сярэдзіне.


Свістулька гліняная  (птушка). Дзіцячая цацка, зробленая з гліны.

Сеўнік. Плеценая з саломы і лубу (кары ліпы і інш.) пасудзіна, якая выкарыстоўвалася пры сяўбе зернавых.


Серп. Прылада для ўборкі збожжавых культур (жыта, ячменю, пшаніцы, проса, аўса і інш.). Складаецца з жалезнай авальнай рэжучай часткі і драўлянай самаробнай ручкі.

Скобель. Крывы нож з дзвюма ручкамі для выдалення лішкаў драўніны, ачысткі бярвенняў ад кары.


Ступа. Прылада для апрацоўкі зерня на крупы. Выдзёўбвалася з часткі ствала дрэва бярозы, дуба. Складаецца з 2 частак: ёмістасць і тоўстая выструганая палка – таўкач.

Ступа маленькая. Выкарыстоўвалася для расцірання (змяльчэння) солі, спецый, канаплянага і льнянога семян.


Торба. Сумка (мяшок) з палатнянай тканіны для розных прадметаў.

Фуганак. Сталярная прылада для чыставога стругання дошак.


Чыгун. Металічны гаршчок, з пукатымі бакамі, завужаным плоскім дном і вусцем. Пасудзіна для варкі ежы са сплаву жалеза з вугляродам.