Бёрда (лакальная назва — бэрдо). Прыналежнасць ткацкага станка (кросны) для прабівання ўтка (асновы) да вырабу. Прамавугольная рамка з устаноўленымі і замацаванымі пласцінкамі з тонкай асновай ці кляновай лучынкі. Для ткання бёрда ўстаўлялася ў набіліцы.
Верацяно. Прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. Уяўляе круглы драўляны стрыжань даўжынёй 37 см., патоўшчаны ў ніжняй частцы з больш вузкай “шыйкай” і галоўкай на канцы. Верацяно выстругвалі нажом або выточвалі з бярозы, ясеню, грушы і інш. На вытачаных верацёнах дзеля зручнасці і як аздабленне наразалі кольцы-паглыбленні. Расчасаную кудзелю льну, воўны або пянькі замацоўвалі ў прасніцы, грабяні ці на палцы-рагульцы і пралі ў хатніх умовах, накручваючы нітку на верацяно.
Калаўрот (лакальная назва – прадушка). Прылада для механізіраванага прадзення льну і воўны ў хатніх умовах. Тып калаўрота – стаяк. Рабочая часткі: кола, педаль, якой кола прыводзілася ў рух, прадзільны апарат (гэта шпулькі для намотвання пражы, злучанай шнурамі з вялікім колам). Кола знаходзіцца пад прадзільным апаратам.
Кросны (лакальная назва — верстак). Ткацкі станок з навітай асновай для ткання ў хатніх умовах. Сыравінай для яго служылі ільняныя, шэрсцяныя, шаўковыя, сінтэтычныя ніткі.
Ніты. Прылада ткацкага станка. Падчас запраўкі станка, кожная з нітак асновы прапускаецца праз вузельчыкі аднаго з “нітаў” – сетачных рамак, прызначаных для прыпадымання альбо апускання нітак асновы.
Сукала. Прылада для намотвання (насуквання) нітак на цэўкі. Уяўляе сабой дзве стойкі з умацаваным паміж імі гладка адшліфаваным валікам з махавым колам, размешчаным бліжэй да аднаго канца валіка. З працілеглага канца ў валік устаўляўся металічны стрыжань, на які надзявалася цэўка (вярчэнне дасягалася хуткімі рытмічнымі ўдарамі па валіку). Знізу стойкі змацоўваліся драўлянай плахай або збіваліся дошкамі з бокоў і знізу ў выглядзе скрынкі для цэвак. Насуквалі цэўкі з клубка ці з матавіла.
Чаўнок. Ткацкая прылада для прапускання нітак праз уток. Знешне нагадвае мініяцюрны човен. Чаўнок з донцам. Цэўку кладуць на дно, а ўточную нітку прапускаюць праз адтуліну ў донцы чаўнака. У працэсе ткання прытрымліваюць цэўку вялікім пальцам.