Тэатр – крыніца яго жыцця

Творчасць народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка – адна з самых яркіх старонак у беларускай драматургіі. Яго п’есы заўсёды выклікалі павышаную цікавасць тэатральных калектываў і гледачоў. Абапіраючыся на багацце беларускага  фальклору, пісьменнік па-наватарску развіваў традыцыі драматургіі, праўдзіва і ярка адлюстроўваў жыццё народа.

Усе п’есы драматурга адрозніваюцца арыгінальнасцю формы і зместу. Над кожным творам пісьменнік працаваў доўга, старанна асэнсоўваў і аналізаваў убачанае. Праўда жыцця, народны каларыт, трапнасць назірання, сакавітасць мовы — характэрныя рысы творчасці Андрэя Макаёнка.

Зорны час Андрэя Макаёнка выпаў на 70-я гады 20 стагоддзя. П’есы таленавітага драматурга ставіліся больш чым ў 200 тэатрах СССР і за яго межамі. П’еса “Выбачайце, калі ласка!” пастаўлена 200 тэатрамі, “Трыбунал” – 160 (у тым ліку тэатрам імя Вянгеркі ў Беластоку). П’есы “Лявоніха на арбіце” і “Зацюканы апостал”  былі пастаўлены 100 тэатрамі. “Зацюканы апостал” на працягу 15 гадоў не сыходзіў са сцэны Маскоўскага акадэмічнага тэатра сатыры. У п’есах Макаёнка былі задзейнічаныя такія мэтры акцёрскага цэха, як Андрэй Міронаў (Швед ў “Таблетцы пад язык”), Анатоль Папанаў  (Цыбулька), Спартак Мішулін.

У Беларусі амаль усе творы Макаёнка былі пастаўлены ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Першай сур’ёзнай спробай Макаёнка ў драматургіі з’явілася п’еса “На досвітку“, спектакль па якой быў пастаўлены рэжысёрам Канстанцінам Саннікавым ў 1952 годзе.

У 1973 года рэжысёрам Купалаўскага тэатру стаў Валерый Раеўскі. Андрэй Макаёнак быў для яго і памочнікам, і паплечнікам, і сябрам. З поспехам праходзілі спектаклі “Трыбунал”, “Святая Прастата”,  “Таблетку пад язык”, “Зацюканы апостал”. На макаёнкаўскай драматургіі адбылося станаўленне Раеўскага як рэжысёра. Рэжысёра сур’ёзнага, глыбокага, з добрым адчуваннем народнай стыхіі, нацыянальнага каларыту. Слава Раеўскага і Макаёнка распаўсюдзілася на ўвесь Савецкі Саюз. Купалаўскі пачынаюць называць тэатрам Макаёнка.

У яго спектаклях выконвалі ролі самыя лепшыя акцёры Купалаўскага – народныя артысты Галіна Макарава, Барыс Платонаў, Генадзь Аўсяннікаў, Стэфанія Станюта, Глеб Глебаў, Лідзія Ржэцкая. Залатым часам у тэатры імя Янкі Купалы прынята называць тыя сорак гадоў, калі на яго сцэне адна за адной ішлі п’есы беларускага драматурга Андрэя Макаёнка. Тут ён знайшоў не толькі тэатральны “дом” для сваіх твораў, але і гатовых персанажаў п’ес ў выкананні акцёраў-купалаўцаў. Некаторыя, як Галіна Макарава і Генадзь Аўсяннікаў, сталі пастаяннымі героямі ці не ўсіх спектакляў па п’есах Макаёнка, дзякуючы чаму за імі замацавалася слава “макаёнкаўскіх” акцёраў. Асобныя ролі драматург пісаў спецыяльна “пад іх”.

Спецыяльна для Макаравай Андрэй Макаёнак напісаў камедыю “Лявоніха на арбіце”. Яна іграла і ў “Святой прастаце”, “Таблетцы пад язык”, “Трыбунале”.

Акцёрскі талент Генадзя Аўсяннікава з усёй паўнатой і глыбінёй раскрыўся менавіта ў спектаклях па п’есах Макаёнка. Дастаткова прыгадаць дзеда Цыбульку з “Таблеткі пад язык”, Антона Бусько з “Пагарэльцаў“, Максіма з “Лявоніхі на арбіце“. Але вяршынным дасягненнем у творчасці можна лічыць ролю Цярэнція Калабка з “Трыбунала“.

Артысты Купалаўскага тэатра Генадзь Гарбук, Аўгуст Мілаванаў, Віктар Тарасаў, Галіна Талкачова фактычна на п’есах Макаёнка ператварыліся ў зорак. Тое ж самае можна сказаць пра артыста Маскоўскага тэатра сатыры Аляксея Лявінскага, які ўвасобіў вобраз Малыша ў “Зацюканым апостале”.

Андрэй Макаёнак — мастак яркага, непаўторнага таленту. Ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, падняў узровень айчыннай камедыёграфаў да лепшых сусветных узораў. Драматургічнае спадчына Андрэя Макаёнка — залаты фонд беларускай літаратуры і тэатра.