Традыцыйнае народнае адзенне

Кашуля (сарочка) жаночая. Старажытны элемент народнага адзення. Пашыта з белага палатна, прамога крою з кароткім рукавом. Мае нешырокі каўнер-стойку, разрэз на грудзях з гузікамі. Верх рукавоў і манішка на грудзях упрыгожаны вышыўкай. Вышыты крыжыкам кветкі-ружы з лісточкамі чырвонымі і чорнымі ніткамі. Аўтар – Комар Ганна. Набытая ад Грыневіч Яўгеніі Лявонцьеўны (1939 г.н.) ў 2010 г.

Кашуля (сорочка) мужчынская. Асноўная частка беларускага адзення, нацельнае адзенне. Пашыта з ільнянога даматканага палатна. Тунікападобная, прамы доўгі рукаў з манжэтай, каўнер – стоячка, разрэз на грудзях з гузікамі, вышыўка на грудзях – кветкі чырвонымі і чорнымі ніткамі. Насілі паверх нагавіц і падпяразвалі поясам.


Кашуля (сарочка) жаночая. Элемент народнага касцюма. Пашыта з ільняной даматканай тканіны. Доўгая, белага колеру, прамога крою з доўгімі рукавамі на манжэце, каўнер-стойка. Гарлавіна сабрана па шыі ў зборку. Арнамент вышыўкі чырвонага і чорнага колераў складаецца з гарызантальных палосак, якімі аздоблены рукавы і каўнер.

Кашуля (сарочка) жаночая. Пашыта з белай баваўнянай тканіны, кароткая, з стаячым каўняром, з планкай-манішкай, рукавы доўгія з манжэтамі. Кашуля аздоблена вышыўкай крыжыкам на манжэтах, уздоўж усяго рукава, на каўняры і манішке на грудзях. У арнаменце выкарыстаны расліныя  ўзоры чырвона-чорнага колеру.


Лапці (лакальная назва — постолы). Традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага) пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровачак. Лыка для лапцей дралі ў маі-чэрвені, нарыхтоўвалі таксама луццё – тонкія ліпавыя жэрдкі з карой.

Паясная адзежына, якую надзявалі на спадніцу. Белага колеру. Пашыта з паркалю у складку, з завязкамі. Ніз і бакі фартуха аздоблены фабрычнымі карункамі белага колеру. Арнамент на падоле вышыты гладдзю (ланцужок кветак з лісточкамі) вішнёвымі, ружовымі, бэзавымі, блакітнымі, жоўтымі, зялёнымі ніткамі.