Літаратурныя аб’яднанні Лунінеччыны
Літаратурнае аб’яднанне “Палессе”
У 1956 г. пры лунінецкай раённай газеце “Авангард” (з 1962 г. «Ленінскі шлях»; з 1991 г. “Лунінецкія навіны”) пачало сваю дзейнасць літаратурнае аб’яднанне “Палессе”, якое згуртавала вакол газеты мясцовых літаратараў. Гэта не толькі адно са старэйшых літаратурных аб’яднанняў на Лунінеччыне, але, бадай, што і адно з самых плённых. Актыўна ўдзельнічалі ў яго рабоце ў розныя гады існавання Аляксей Каўко – рэдактар лунінецкай раённай газеты “Авангард” (1957–1962), заслужаны дзеяч культуры Беларусі; Георгій Вайндрах, краязнаўца, матэрыялы якога пра Лунінеччыну былі выкарыстаны для кнігі “Памяць. Лунінецкі раён” (Мінск,1995). Гаворачы пра літаб’яднанне, нельга не сказаць пра Васіля Літвінчука (рэдактар газеты ў 1960–1970 гг.). Ён аўтар дакументальна-мастацкай кнігі пра партызанскі рух на Брэстчыне “Там, за Днепро-Бугом” (1992), у якой распавядаецца і пра партызанскі рух на Лунінеччыне. Другое, дапрацаванае выданне гэтай жа кнігі ўбачыла свет у 2005 г., трэцяе – у 2008 г. Мікалай Федзюковіч – беларускі паэт, перакладчык, пачынаў свае крокі ў паэзію ў літаб’яднанні фотакарэспандэнтам.
Вялікі ўклад у праслаўленне лунінецкага краю ўнеслі Мікалай Калінковіч – намеснік рэдактара газеты і аўтар кніг “Лунинец” (1981, 1990), «Палескія дні Аляксандра Блока» (1985), «Якуб Колас у Лунінцы»; Таццяна Канапацкая (1988-2013гг., намеснік рэдактара, галоўны рэдактар, загадчык аддзела) – складальнік кніг “Лунінецкая памяць. Дадатак 1” (2006), “Лунінецкая памяць. Дадатак 2” (2007), “Лунінецкая памяць. Дадатак 3. Бастынь” (2008), “Лунінецкая памяць. Дадатак 4. Духоўнасць” (2010), “Лунінецкая памяць. Дадатак 5. Кнігі і лёсы” (2013), “Лунінецкая памяць. Дадатак 6. Мелясніца. Погляд з Грані” (2017), укладальнік і аўтар шэрагу артыкулаў гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць: Лунінецкі раён” (Мінск: Беларусь, 1995). Болей дэталёва распавядана гісторыя Лунінеччыны ў артыкулах Льва Коласава – краязнаўцы, філатэліста, гісторыка пошты, які ўзнагароджаны больш за 100 медалямі за калекцыі на філатэлістычных выставах. Друкаваліся таксама творы Уладзіміра Каліноўскага (сакратар Амбасады СССР у Польшчы), Ганны Лазоўскай (узнальчальвала пазней рэспубліканскі Галоўліт), Уладзіміра Ерамінка (узнальчальваў Брэсцкую абласную арганізацыю Саюза журналістаў), Анатоля Харламава, які ў 1972 – 1992 гг. жыў і працаваў у Лунінцы, быў сакратаром Лунінецкага гаркама КПБ, асобным выданнем выйшаў яго зборнік гумарэсак “Па агрэхах” (Лунінец, 1991); Андрэя Мазько, які ў 2004–2012 гадах працаваў намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкам і, пачынаючы з 2005 г. друкаваў свае творы на старонках “Лунінецкіх навін”.
Пэўную работу праводзіць літаб’яднанне і сёння. На сучаснам этапе яго ўзначальвае Марыя Яраховіч, журналіст “Лунінецкіх навін”. У літаратурнае аб’яднанне ўваходзяць Галіна Гаргун, Вольга Грыдзюшка, Лілія Віктарава, Анастасія Пратасавіцкая і іншыя. Да 565-годдзя Лунінца і 75-годдзя Лунінецкага раёна і раённай газеты «Лунінецкія навіны» ў 2014 годзе, выдадзены зборнік “Сэрцам знітаваная з газетай” – анталогія твораў пазаштатных аўтараў: Льва Коласава, Ларысы Грамыка, Галіны Гаргун, Рыгора Жука і іншых.
Творчы клуб “Муза”
У 1995 годзе пры Лунінецкім гарадскім Доме культуры распачаў сваю дзейнасць творчы клуб “Муза” пад кіраўніцтвам Віктара Філатава. Клуб заснаваў серыю выданняў “Лунінецкая муза”, невялікіх па аб’ёму брашур. На іх старонках пачалі публікавацца мясцовыя творцы Вадзім Жылко, Віктар Філатаў, Васіль Туміловіч, Мікалай Ільючык, Сцяпан Нефідовіч, Вольга Грыдзюшка, Рыгор Жук і іншыя. Альманах “Лунінецкая муза” — гэта своеасаблівы працяг паэтычнай серыі “Галасы Лунінеччыны”. У 1999 г. клуб атрымаў званне “народны”. Адзін з накірункаў дзейнасці творчага клуба “Муза” — выяўленне і падтрымка маладых талентаў у розных сферах творчасці, але найперш у літаратуры. У актыве “Музы” неаднаразовыя літаратурныя сустрэчы, вечарыны, іншыя мерапрыемствы ва ўсіх лунінецкіх школах, ліцэі, гімназіі і школах г. Мікашэвічы, Цэнтры дзіцячай творчасці, школах вёсак, у ПТВ-146.
З 2024 года кіраўніком творчага клуба «Муза» з’яўляецца Абрамчук Галіна Рыгораўна.
Намаганні творчага клуба “Муза” па збіранню і папулярызацыі тых, хто браўся за пяро, не былі марнымі. З’явіліся асобныя выданні як у раённым, так і ў рэспубліканскім друку, зборнікі вершаў, апавяданняў, нарысаў, эсэ, літаратурна-краязнаўчых даследванняў: Васіля Туміловіча “Возрождение забытого имени: Жизнь и деятельность Софьи Прорвич (1860 — каля 1937), Вадзіма Жылко “Оборванная нить”, Сцяпана Нефідовіча “Спеў берасцянкі”, Мікалая Ільючыка “Шматкроп’е кропель”, Віктара Філатава “Тревога и надежда”, Вольгі Грыдзюшка “Время цветов”. Паэтычныя спробы лунінчан сабраны ў зборніках “Азбука паэзіі”, “Прамень надзеі”, “З двух берагоў” і інш. Увага і падтрымка тых, хто спрабуе сябе ў літаратурнай творчасці, выявілася і ў тым, што ў зборніку “Лунінецкая памяць” змешчана падборка вершаў Вольгі Аляшкевіч (1977–2005). Паэтычныя спробы лунінчан, змешчаныя ў апошніх выданнях, — таксама штрышок у гісторыі літаратуры краю.
Аб’днанні «Кассиопея» і “Паэтычная глыбінка”
Пры газеце “Информ-прогулка” з 2002 па 2006 гг. існавала літаратурнае аб’яднанне “Кассиопея”. Удзельнікі аб’яднання: Віктар Карповіч, Рыгор Жук, Аляксандр Хаўдзееў, Сцяпан Нефідовіч і інш. друкавалі на старонках газеты свае творы : нарысы, вершы, артыкулы.
Пры Мікашэвічскай гарадской бібліятэцы з 2012 г. працуе аматарскае аб’яднанне “Паэтычная глыбінка” (раней, з 2009 г., насіла назву “Крынічанька”). Аўтары друкуюцца ў газеце “Информ-прогулка”. Выдадзена 3 зборнікі “Такого не пабачыце ў снах” (2013), ”Всё есть прекрасное на свете” Надзеі Дзедзінай, «Табе, Беларусь, прысвячаю” (2015). Аб’яднанне праводзіць літаратурныя сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі: Вадзімам Жылко, Мікалаем Ільючыкам, Віктарам Пінігіным, Сцяпанам Нефідовічам, Аксанай Хвашчэўскай. Кожную восень члены “Паэтычнай глыбінкі” ладзяць з гімназіяй імя У. І. Нядзведскага г. Мікашэвічы літаратурныя сустрэчы, на якіх выступаюць паэты і пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Васіль Жуковіч, Анатоль Вярцінскі і інш.
Народная літаратурна-паэтычная студыя
“Літаратурная правінцыя”
Клуб пад назвай «Літаратурная правінцыя» пры Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы афіцыйна аформлены ў 2017 годзе, але фактычна працуе з 2015. Кіраўнік клуба – Віктар Андрэевіч Пінігін. Найбольш актыўныя ўдзельнікі клуба: краязнаўцы Вадзім Жылко, Васіль Туміловіч, паэт і краязнаўца Сцяпан Нефідовіч, пісьменік, журналіст Мікалай Ільючык, паэткі Галіна Абрамчук і Валянціна Трухнова, фатограф і паэт Віктар Пінігін, пісьменніца Ірына Курапава, паэт, арганізатар інтэлектуальных гульняў Аляксандр Хаўдзееў, паэтка Лілія Віктарава, спявачка і складальніца песень Анастасія Пратасавіцкая, паэтка Вольга Грыдзюшка і інш. Яны актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, друкуюцца ў раённай, абласной і рэспубліканскіх газетах, у сацыяльных сетках, выступаюць перад вучнямі ў школах, маюць добрыя водгукі і ўзнагароды. Многія з удзельнікаў клуба маюць узнагароды за сваю літаратурную дзейнасць. Дыпломам у намінацыі “Найлепшы матэрыял на беларускай мове” на пятым штогадовым творчым конкурсе асацыяцыі выдавецтва рэгіянальнай прэсы быў узнагароджаны Мікалай Ільючык. Іван Панасюк узнагароджаны Падзякай Лунінецкага раённага аб’яднання прафсаюзаў за патрыятычную працу і духоўна-маральнае выхаванне моладзі. Іван і Ларыса Панасюкі – Ганаровым дыпломам Міжнароднай прэміі імя В. В. Біянкі ў намінацыі “Публіцыстыка”. Вадзім Жылко і Васіль Туміловіч узнагароджаны памятнымі знакамі “Берасцейскія кнігазборы”. Клуб “Літаратурная правінцыя” атрымаў Дыплом-падзяку Саюза пісьменікаў Беларусі на свяце да 220-годдзя Адама Міцкевіча ў Баранавіцкім раёне. За ўдзел у гэтым фэсце члены клуба “Літаратурная правінцыя” атрымалі падзячныя лісты Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Валянціна Трухнова, Вольга Грыдзюшка, Анастасія Пратасавіцкая атрымалі дыпломы за перамогу ў літаратурным конкурсе “Лунінецкія клубніцы”.
Адзін з галоўных накірункаў работы клуба – выданне твораў удзельнікаў “Літаратурнай правінцыі”. Выдадзены калектыўныя зборнікі “Полёт вдохновения”, “Чалавек прыдумаў кнігу”, “Зямля мая, старонка мілая”, “Краязнаўчымі шляхамі Лунінеччыны”, “Тебе, мой город, посвящаю.”, “Юные поэты Лунинетчины”, аўтарскія зборнікі Сцяпана Нефідовіча, Надзеі Дзедзінай, Анастасіі Пратасавіцкай, Віктара Пінігіна, Рыгора Жука і інш.
У клубе праведзены творчыя сустрэчы з Яўгенам Беласіным – перакладчыкам, журналістам, з беларуская паэткай Аленай Ігнацюк (г. Пінск), з паэтам і бардам Валерыем Пазнякевічам, пісьменнікам, папулярызатарам натуральна-навуковых ведаў Анатолем Бернацкім і інш. На працягу некалькі гадоў клуб актыўна прымае ўдзел у свяце «Лунінецкія клубніцы», дзе сябры клуба арганізоўваюць “Паэтычны падворак”. Сябры клуба “Літаратурная правінцыя” прымалі ўдзел у свяце, прымеркаваным да 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча, якое праходзіла ў музеі-сядзібе Міцкевічаў “Завоссе” (Баранавіцкі раён), а таксама сустракаліся з сябрамі літаратурнага клуба “Пінчукі”. Актыўны ўдзел клуб прымае ў святочных мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня горада.
У 2020 годзе за дасягнутыя поспехі ў развіцці аматарскай мастацкай творчасці, папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый, высокі мастацкі ўзровень клубу прысвоена найменне «Народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
Штогод узельнікі народнай літаратуна-паэтычнай студыі «Літаратурная правінцыя» праводзяць творчыя сустрэчы, літаратурна-музычныя мерапрыемствы, юбілейныя, творчыя вечары, прэзентацыі твораў мясцовых аўтараў, паэтычныя конкурсы, тэатралізаваныя пастановы, выяздныя святы паэзіі, ўдзел у гарадскіх і раённых мерапрыемствах, выданне калектыўных і індывідуальных зборнікаў твораў мясцовых аўтараў.
У 2021 годзе прадстаўнікі Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі і ўдзельнікі «Літаратурнай правінцыі» пабывалі ў гасцях у Баранавіцкіх калег, дзе прайшла прэзентацыя альманаха «С.Т.Р.О.К.І» ў якім акрамя твораў баранавіцкіх аўтараў прадстаўлены вершы ўдзельнікаў студыі В. Пінігіна, В. Грыдзюшка, Г. Гаргун, А. Хаўдзеева, Л. Віктаравай.
У 2022 годзе ў Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча ўдзельнікаў народнага клуба «Літаратурная правінцыя» з пісьменнікам Сяргеем Трахімёнкам і паэткай Інай Фраловай.
У 2023 годзе ўдзельнікі клуба «Літаратурная правінцыя» прымалі ўдзел у міжрэгіянальным бібліятэчным фэсце «Бібліякомпас: арыенцір на карыстальніка», літаратурна-музычным фестывалі «Восень у Завоссі», прэзентацыі альбома «С. Т. Р. О. К. І». Клуб «Літаратурная правінцыя» быў узнагароджаны Падзякай ад Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
У чытальнай зале цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая г. Баранавічы прайшлі «Корнеўскія чытанні» – сумесны праект Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі і літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца». За ўдзел у чытаннях члены клуба народнага «Літаратурная правінцыя» былі ўзнагароджаны Дыпломам Баранавіцкага аддзела культуры.
У 2024 годзе да Дня горада на адкрытай бібліяпляцоўцы «Чытаючы горад» каля помніка Якубу Коласу прыйшлі паэты і краязнаўцы Лунінеччыны. Літаратурны марафон пачаўся з прэзентацыі новага зборніка «Строки памяти», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У зборнік увайшлі творы ўдзельнікаў народнай літаратурна-паэтычнай студыі «Літаратурная правінцыя», якая працуе пры цэнтральнай раённай бібліятэцы.
У музеі-сядзібе Міцкевічаў у Баранавіцкім раёне адбыўся літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі». Дзе сабраліся сотні аматараў літаратуры, музыкі, творчасці і гісторыі. На бібліятэчным падворку, Лунінеччыну прадстаўлялі ўдзельнікі народнай літаратурна-паэтычнай студыі «Літаратурная правінцыя» Віктар Пінігін і Валянціна Трухнова.
У 2025 годзе на базе Баранавіцкай раённай бібліятэкі ім. Я.Чачота адбылася прэзентацыя выпуску альманаха «С. Т. Р. О. К. I.». На старонках альманаха надрукаваны творы не толькі баранавіцкіх аўтараў, але і прадстаўлены вершы членаў «Літаратурнай правінцыі» Валянціны Трухнавай і Віктара Пінігіна.
У аг. Крошын (Баранавіцкі раён) адбылося адкрытае рэгіянальнае свята кавальства «Крашынскі перазвон». Літаратары Лунінеччыны Віктар Пінігін, Вялянціна Трухнова, Анастасія Пратасавіцкая і Галіна Абрамчук прадставілі сваю творчасць гасцям свята. Усе удзельнікі студыі былі адзначаны Падзякамі за выступленне на «Бібліятэчным падворку».
У музеі-сядзібе Міцкевічаў у Баранавіцкім раёне адбыўся традыцыйны літаратурна-музычны фестываль «Восень у Завоссі», у якім прыняла ўдзел Лунінецкая дэлегацыя. На бібліятэчнай пляцоўцы выступалі старшыня народнай літаратурна-паэтычнай студыі «Літаратурная правінцыя» Віктар Пінігін, удзельніцы студыі Валянціна Трухнова і Галіна Брэзіна.
У 2026 годзе ў чытальнай зале Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Калінковіча адбылося пацвярджэнне наймення «народны» літаратурна-паэтычнай студыі «Літаратурная правінцыя».
У Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы ім.М.Калінковіча прайшла Рэспубліканская акцыя «Библионочь — 2026» У рамках мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне пераможцаў раённага конкурсу паэзіі і прозы «О любви, о маме, о весне». На мерапрыемстве прысутнічалі ўдзельнікі народнай літаратурна-паэтычнай студыі «Літаратурная правінцыя»: Віктар Пінігін, Сцяпан Нефідовіч, Валянціна Трухнова, Галіна Брэзіна, Галіна Абрамчук, Анастасія Пратасавіцкая, Галіна Сыціна, Рыгор Жук, Вольга Грыдзюшка. Вядомыя паэты і пісьменнікі Лунінеччыны таксама свае лепшыя творы прысвячалі прыгожай палове чалавецтва.
Творчая дзейнасць клуба неаднаразова асвятлялася ў публікацыях такіх выданняў як «Літаратура і мастацтва», «Народная трыбуна», «Заря», «Наш край», «Лунінецкія навіны».
Літаратурна-паэтычная студыя «Літаратурная правінцыя» не стаіць на месцы, захоўвае набытыя традыцыі, развівае інтэлект наведвальнікаў, удасканальвае і развівае талент удзельнікаў, нясе людзям высокую духоўнасць, дабро, прыгажосць і культуру.
Бібліяграфія
- Літаб’яднанне “Палессе” // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Лунінец. р-на / укл. Т. В. Канапацкая. Мінск : Беларусь, 1995. С. 286.
- Творчы клуб “Муза” [Аб стварэнні клуба пры Лунінецкім гарадскім раённым Доме культуры] // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. – Брэст : ААТ ”Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 328.
- Творческий уровень – не провинциальный (о создании клуба “Литературная провинция”) // Информ-прогулка. 2017. 26 января (№ 4). С. 13.
- Форум краязнаўцаў [аб стварэнні краязнаўчага таварыства пры Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы] // Информ-прогулка. 2019. № 42. С. 9 – 10.
- Дымаў, В. Стварылі краязнаўчае таварыства / Віталь Дымаў // Краязнаўчая газета. 2019. № 29.