21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў бібліятэках раёна прайшлі мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы. У цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы быў арганізаваны літаратурны вернісаж «І роднае слова як
маці люблю». Мікашэвіцкая дзіцячая бібліятэка падрыхтавала літаратурна-музычную кампазіцыю «Гучы, родная мова!». У шэрагу бібліятэк прайшлі акцыі «Гаворым па-беларуску», выставы і прэзентацыі новых беларускіх кніг.
Супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі правялі для навучэнцаў старэйшых класаў урок роднай мовы «Мова народа – яго святыня». На мерапрыемстве таксама прысутнічалі выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (на фота).
Вядучая Ірына Хлуд распавяла прысутным аб роднай мове, яе важнай ролі для народа і краіны, яе гісторыі і сёняшнім стане. Удзельнікі мерапрыемства дакрануліся да крыніц беларускай мовы, пазнаёміліся з вершамі, апавяданнямі, казкамі, беларускіх аўтараў. Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў – гэта няпоўны пералік аўтараў, па творах якіх можна вывучаць беларускую мову. Звярнуліся таксама да “Літартурнай карты Лунінеччыны” і згадалі мясцовых краязнаўцаў, якія займаліся вывучэннем гаворак нашага краю. Успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі і прыкметы, жарты і лічылкі. Паўдзельнічалі ў конкурсе на лепшага знаўцу беларускага фальклору “Моўныя скарбы роднага краю”, які правяла бібліятэкар Вольга Кіндрук. Пазнаёміліся з літаратурнай выставай “Роднай мове гучаць!”, якая складалася з двух раздзелаў. Першы раздел змяшчаў мастацкія творы беларускіх аўтараў, другі – разнастайныя правілы беларускай мовы. Галоўны бібліёграф Інна Бушыла правяла бібліяграфічны агляд літаратуры па кніжнай выставе.
Гэтае мерапрыемства дазволіла перажыць моцныя пачуцці радасці і гонару за сваю Радзіму, пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім мы павінны ганарыцца і які павінны шанаваць.