Паэт і юрыст Аўген Бартуль

10 студзеня 2019 г. у Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Іільіна і Алены Ігнацюк (г. Пінск) “Аўген Бартуль – беларускі паэт і старшыня Лунінецкага гарадскога суда” з удзелам аўтараў. Кніга выдадзена аддзелам бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі. Аўтары падрабязна расказалі пра сваю працу над даследаваннем, адказалі на пытанні слухачоў. Алена чытала вершы паэта.

Таленавіты заходнебеларускі паэт, публіцыст, юрыст Аўген Бартуль (1908-1992) быў забыты на цэлых 60 гадоў, але ў канцы ХХ – на пачатку ХХІ стагоддзя пра яго ўсё ж з'явіліся асобныя публікацыі. У 2006 годзе Аляксандрам Ільіным і Аленай Ігнацюк была знойдзена ў віленскім архіве асабістая справа студэнта Віленскага ўніверсітэта Аўгена Бартуля, дзе змяшчалася аўтабіяграфія паэта з раней невядомай інфармацыяй пра яго дзяцінства і юнацтва, пра бацькоў. Аднак заставалася яшчэ шмат “белых плям” у біяграфіі паэта. Нядаўна вядомы польскі беларусавед Хелена Глагоўская знайшла дачку паэта – Ганну Бартуль, пазнаёмілася з яе сямейным архівам, што дазволіла даследчыку напісаць новую біяграфію Аўгена Бартуля, дзе падрабязна асвятлялася яго ваеннае і пасляваеннае жыццё. Неўзабаве ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці аўтарамі была знойдзена аб’ёмная персанальная справа чыноўніка  Пінскага акруговага суда Аўгена Бартуля. На аснове гэтых архіўных дакументаў і апошніх знаходак Хелены Глагоўскай складзена гэтая кніга, з якой чытачы і даведаліся, што ў 1937 – 1939 гадах Аўген Бартуль служыў у Лунінцы ў якасці суддзі гарадскога суда.

На заканчэнне прэзентацыі абмен думкамі паміж слухачамі і аўтарамі працягнуўся ў нефармальнай абстаноўцы. Жадаючыя змаглі атрымаць аўтограф.

 

58 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий