20 снежня ў Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы адбыўся вечар паэтычнага настрою "Паэзія як чараўніцтва", галоўнай дзеючай асобай якога стаў літаратар з Лунінца, старшыня клуба "Літаратурная правінцыя", што працуе пры Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, Віктар Пінігін. У Віктара Андрэевіча нядаўна пабачыла свет новая кніга "Павуцінкі ў верасе", выдадзеная цэнтральнай бібліятэкай, якую ён і прадставіў удзельнікам мерапрыемства. Паслухаць лунінецкага аўтара сабраліся мясцовыя прыхільнікі паэзіі — удзельнікі клуба "Вдохновение" на чале з Вольгай Шэляговіч і Алёнай Зінюк, паэт Мікалай Галавач, а таксама пастаянныя і актыўныя чытачы. Загадчыца бібліятэкі Аксана Маркевіч адзначае, што супрацоўнікам бібліятэкі вельмі прыемна, што, прачытаўшы аб'яву пра вечарыну, бібліятэку наведалі вучні 5 Б класа сярэдняй школы №2 разам з класным кіраўніком Марынай Віктараўнай Краўчук. Ды не проста наведалі, а загадзя падрыхтавалі некалькі вершаў Віктара Андрэевіча, якія цудоўна прачыталі, набылі кветкі для аўтара. Вершы чыталі Раман Бародка, Агата Сыцько, Анастасія Курак.
Віктар Пінігін распавёў пра свой жыццёвы і творчы шлях, пазнаёміў з новым зборнікам, прачытаў шмат сваіх твораў, як нядаўніх, так і больш старэйшых, падзяліўся гісторыяй іх напісання, адказаў на шматлікія пытанні. Вечарына прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы і завяршылася на прыемнай ноце — аўтар падпісаў і падарыў свае кнігі чытачам бібліятэкі і вучням школы.
Фота В.Пінігіна