Літаратурныя аб’яднанні Лунінеччыны

Літаратурнае аб’яднанне “Палессе”

У 1956 г. пры Лунінецкай раённай газеце “Авангард” (”Ленінскі шлях”) з 1962 г.; “Лунінецкія навіны”з 1991г.) дзейнічае літаратурнае аб’яднанне “Палессе”, якое згуртавала мясцовых літаратараў. Яно не толькі адно са старэйшых на Лунінеччыне , але, бадай, што і адно з самых плённых.

Актыўна ўдзельнічалі ў яго рабоце ў розныя гады існавання паэты і празаікі: Аляксей Каўко – рэдактар Лунінецкай раённай газеты “Авангард” (1957–1962), Заслужаны дзеяч культуры Беларусі, Георгій Вайндрах, краязнаўца, матэрыялы якога пра Лунінеччыну былі выкарыстаны для кнігі “Памяць. Лунінецкі раён” (Мінск,1995). Гаворачы пра літаб’яднанне, нельга не сказаць аб Васілю Літвінчуку (рэдактар газеты 1960–1970 гг.). Ён аўтар дакументальна-мастацкай кнігі пра партызанскі рух на Брэстчыне “Там, за Днепро-Бугом”, (1992), у якой распавядаюцца пра партызанскі рух на Лунінеччыне. Другое, дапрацаванае выданне гэтай жа кнігі ўбачыла свет у 2005 годзе, трэцяе – у 2008г. Мікалай Федзюковіч – беларускі паэт, перакладчык пачынаў свае крокі ў паэзію у літаб’яднанні фота- карэспандэнтам.

Вялікі ўклад у праслаўленне лунінецкага края ўнеслі Мікалай Калінковіч – намеснік рэдактара газеты і аўтар кніг “Лунинец” (1981, 1990), “Палескія дні Аляксандра Блока” (1985), “Якуб Колас у Лунінцы; Таццяна Канапацкая (1988-2013гг., намеснік рэдактара, галоўны рэдактар, загадчык аддзела) – складальнік кніг “Лунінецкая памяць. Дадатак 1” (2006), “Лунінецкая памяць. Дадатак 2” (2007), “Лунінецкая памяць. Дадатак 3. Бастынь” (2008), “Лунінецкая памяць. Дадатак 4. Духоўнасць” (2010), “Лунінецкая памяць. Дадатак 5. Кнігі і лёсы” (2013), “Лунінецкая памяць. Дадатак 6. Мелясніца. Погляд з Грані”(2017), укладальнік і аўтар шэрагу артыкулаў гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць: Лунінецкі раён” (Мінск: Беларусь, 1995). Болей дыталёва распавядана гісторыя Лунінеччыны ў артыкулах Льва Коласава – краязнаўцы, філатэліста, гісторыка пошты, які ўзнагароджаны больш за 100 медалямі за калекцыі на філатэлістычных выставах. Друкаваліся таксама творы Ўладзіміра Каліноўскага (сакратар Пасольства СССР у Польшчы), Ганны Лазоўскай (узнальчальвала пазней рэспубліканскі Галоўліт), Уладзіміра Ерамінка (узнальчальваў Брэсцкую абласную арганізацыю саюза журналістаў), Анатоля Харламава, які ў  1972 – 1992 гг. жыў і працаваў у Лунінцы, быў сакратаром Лунінецкага гаркама КПБ, асобным выданнем выйшаў яго зборнік гумарэсак “Па агрэхах” (Лунінец, 1991); Андрэя Мазько, які ў 2004–2012 гадах працаваў намеснікам старшыні Лунінецкага райвыканкам і, пачынаючы  з 2005 г. друкаваў свае творы на старонках “Лунінецкіх навін”.

Пэўную работу праводзіць літаб’яднанне і сёння. На сучаснам этапе яго ўзначальвае Марыя Яраховіч, журналіст “Лунінецкіх навін”. У літаратурнае аб’яднанне ўваходзяць Галіна Гаргун, Вольга Грыдзюшка, Лілія Віктарава, Анастасія Пратасавіцкая і іншыя. Да 565-годдзя Лунінца і 75-годдзя Лунінецкага раёна і раённай газеты “Лунінецкія навіны ў 2014 годдзе, выдадзены зборнік “Сэрцам знітаваная з газетай” – анталогія твораў пазаштатных аўтараў: Льва Коласава, Ларысы Грамыка, Галіны Гаргун, Рыгора Жука і іншых.

Творчы клуб “Муза”

У 1995 годзе пры Лунінецкім гарадскім Доме культуры распачаў сваю дзейнасць творчы клуб “Муза” пад кіраўніцтвам Віктара Філатава. Клуб заснаваў серыю выданняў “Лунінецкая муза”, невялікіх па аб’ёму брашур. На іх старонках пачалі публікавацца мясцовыя творцы Вадзім Жылко, Віктар Філатаў, Васіль Туміловіч, Мікалай Ільючык, Сцяпан Нефідовіч, Вольга Грыдзюшка, Рыгор Жук і іншыя, а ў 1999 г., клуб атрымаў званне “народны”. Альманах “Лунінецкая муза” — гэта своеасаблівы працяг паэтычнай серыі “Галасы Лунінеччыны”. Адзін з накірункаў дзейнасці творчага клуба “Муза” — выяўленне і падтрымка маладых талентаў у розных сферах творчасці, але найперш — у літаратуры. У актыве “Музы” таксама неаднаразовыя літаратурныя сустрэчы, вечарыны, іншыя мерапрыемствы — ва ўсіх лунінецкіх школах і ліцэі, гімназіі і школах г. Мікашэвічы, Цэнтры дзіцячай творчасці, школах вёсак, у ПТВ-146.

Намаганні творчага клуба “Муза” па збіранню і папулярызацыі тых, хто браўся за пяро, не былі марнымі. З’явіліся асобныя выданні як у раённым, так і ў рэспубліканскім друку, зборнікі вершаў, апавяданняў, нарысаў, эсэ, літаратурна-краязнаўчых даследванняў: Васіля Туміловіча “Возрождение забытого имени: Жизнь и деятельность Софьи Прорвич (1860 — ок. 1937), Вадзіма Жылко “Оборванная нить”, Сцяпана Нефідовіча “Спеў берасцянкі”, Мікалая Ільючыка “Шматкроп’е кропель”, Віктара Філатава “Тревога и надежда”, Вольгі Грыдзюшка “Время цветов”. Паэтычныя спробы лунінчан сабраны ў зборніках “Азбука паэзіі”, “Прамень надзеі”, “З двух берагоў” і інш. Увага і падтрымка тых, хто спрабуе сябе ў літаратурнай творчасці, выявілася і ў тым, што ў зборніку “Лунінецкая памяць” змешчана падборка вершаў Вольгі Аляшкевіч (1977–2005). Паэтычныя спробы лунінчан, змешчаныя ў апошніх выданнях, — таксама штрышок у гісторыі літаратуры краю.

Аб’днанні «Кассиопея» і “Паэтычная глыбінка”

Пры газеце “Информ-прогулка” з 2002 па 2006 гг. існавала літаратурнае аб’яднанне “Кассиопея”. Удзельнікі аб’яднання: Віктар Карповіч, Рыгор Жук, Аляксандр Хаўдзееў, Сцяпан Нефідовіч і інш. друкавалі на старонках газеты свае творы : нарысы, вершы, артыкулы.

Пры Мікашэвічскай гарадской бібліятэцы з 2012 г. працуе аматарскае аб’яднанне “Паэтычная глыбінка” (раней, з 2009 г., насіла назву “Крынічанка”). Аўтары друкуюцца ў мясцовай газеце “Информ-прогулка”. Выдана 3 зборніка “Такого не пабачыце ў снах” (2013), ”Всё есть прекрасное на свете”  Надзеі Дзедзінай, “ Табе, Беларусь, прысвячаю” (2015). Клуб праводзіць літаратурныя сустрэчы з пісьменнікамі, паэтамі, журналістамі: Вадзімам Жылко, Мікалаем Ільючыкам, Віктарам Пінігіным, Сцяпанам Нефідовічам, Аксанай Хвашчэўскай. Кожную восень члены “Паэтычнай глыбінкі” ладзяць з гімназіяй імя У. І. Нядзведскага г. Мікашэвічы літаратурныя сустрэчы, на якіх выступаюць паэты і пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Васіль Жукові, Анатоль Вярцінскі і інш.

Клуб “Літаратурная правінцыя”

Калектыў створаны 20 студзеня 2017 г. пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. У рабоце клуба  ўдзельнічае 37 чалавек. Кіраўнік клуба – Віктар Андрэевіч Пінігін. Найбольш актыўныя ўдзельнікі клуба: краязнаўцы Вадзім Жылко, Васіль Туміловіч, паэт і краязнаўца Сцяпан Нефідовіч, пісьменік, журналіст Мікалай Ільючык, паэткі Галіна Абрамчук і Валянціна Трухнова, фатограф і паэт Віктар Пінігін, пісьменніца Ірына Курапава, паэт, арганізатар інтэлектуальных гульняў Аляксандр Хаўдзееў, паэтка Лілія Віктарава, спявачка і складальніца песень Анастасія Пратасавіцкая, паэтка Вольга Грыдзюшка і інш. Яны актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, друкуюцца ў раённай, абласной і рэспубліканскіх газетах, у сацыяльных сетках, выступаюць перад вучнямі ў школах, маюць добрыя водгукі і ўзнагароды. Многія з удзельнікаў клуба маюць узнагароды за сваю літаратурную дзейнасць. Дыпломам у намінацыі “Найлепшы матэрыял на беларускай мове” на пятым штогадовым творчым конкурсе асацыяцыі выдавецтва рэгіянальнай прэсы быў узнагароджаны Мікалай Ільючык. Іван Панасюк узнагароджаны Падзякай Лунінецкага раённага аб’яднання прафсаюзаў за патрыятычную працу і духоўна-маральнае выхаванне моладзі. Іван і Ларыса Панасюкі – Ганаровым дыпломам Міжнароднай прэміі імя В. В. Біянкі ў намінацыі “Публіцыстыка”. Вадзім Жылко і Васіль Туміловіч узнагароджаны памятнымі знакамі “Берасцейскія кнігазборы”. Клуб “Літаратурная правінцыя” атрымаў Дыплом-падзяку Саюза пісьменікаў Беларусі на свяце да 220-годдзя Адама Міцкевіча ў Баранавіцкім раёне. За ўдзел у гэтым фэсце члены клуба “Літаратурная правінцыя” атрымалі падзячныя лісты Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Валянціна Трухнова, Вольга Грыдзюшка, Анастасія Пратасавіцкая атрымалі дыпломы за перамогу ў літаратурным конкурсе “Лунінецкія клубніцы”.

Адзін з галоўных накірункаў работы клуба – выданне твораў удзельнікаў “Літаратурнай правінцыі”. У 2017–2019 гг. клубам выдадзены калектыўныя зборнікі “Полёт вдохновения”, “Чалавек прыдумаў кнігу”, “Зямля мая, старонка мілая”, “Краязнаўчымі шляхамі Лунінеччыны”, “Тебе, мой город, посвящаю.”, “Юные поэты Лунинетчины”, аўтарскія зборнікі Сцяпана Нефідовіча, Надзеі Дзедзінай, Анастасіі Пратасавіцкай, Віктара Пінігіна, Рыгора Жука і інш.

У 2017–2019 гг. клубам былі праведзены творчыя сустрэчы з Яўгенам Беласіным – перакладчыкам, журналістам, з беларуская паэткай Аленай Ігнацюк (г. Пінск), з паэтам і бардам Валерыем Пазнякевічам, пісьменнікам, папулярызатарам натуральна-навуковых ведаў Анатолем Бернацкім і інш. На працягу некалькі гадоў клуб актыўна прымае ўдзел у свяце “Лунінецкія клубніцы», дзе сябры клуба арганізоўваюць “Паэтычны падворак”. Сябры клуба “Літаратурная правінцыя” прымалі ўдзел у свяце, прымеркаваным да 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча, якое праходзіла ў музеі-сядзібе Міцкевічаў “Завоссе” (Баранавіцкі раён), а таксама сустракаліся з сябрамі літаратурнага клуба “Пінчукі”. Актыўны ўдзел клуб прымае ў святочных мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня горада.

Лунінецкае краязнаўчае таварыства пры Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы

 12 кастрычніка 2019 года ў час 12-х Лунінецкіх краязнаўчых чытанняў на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі было створана Лунінецкае краязнаўчае таварыства. Старшынёй таварыства абраны Вадзім Вітальевіч Жылко У таварыства ўвахозяць: Аляксандр Ільін, Леў Коласаў, Іван Панасюк, Святаслаў Яначкін, Сцяпан Нефідовіч, Галіна Антановіч іншыя. Усе члены таварыства маюць вялікі краязнаўчы вопыт: вядуць даследчую працу па гісторыі і культурнай спадчыне Лунінеччыны, друкуюцца ў мясцовым, абласным і рэспубліканскім друку, удзельнічаюць у навуковых канферэнцыях і семінарах.

 

Бібліяграфія 

  1. Літаб’яднанне “Палессе” // Памяць : гіст..-дакум. хроніка Лунінец. р-на / укл. Т. В. Канапацкая. Мн. : Беларусь, 1995. С. 286.
  2. Творчы клуб “Муза” [Аб стварэнні клуба пры Лунінецкім гарадскім раённым Доме культуры] // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. – Брэст : ААТ ”Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 328.
  3. Творческий уровень – не провинциальный (о создании клуба “Литературная провинция”) // Информ-прогулка. 2017. 26 января (№ 4). С. 13.
  4. Форум краязнаўцаў [аб стварэнні краеведческага таварыства пры Лунінецкай раённай бібліятэцы] // Информ-прогулка. 2019. № 42. С. 9 – 10.
  5. Дымаў, В. Стварылі краязнаўчае таварыства / Віталь Дымаў // Краязнаўчая газета. 2019. № 29.