Памятныя мясціны
Літаратурная гісторыя Лунінеччыны вельмі разнастайная. У нашым краі ў розныя гады жылі знакамітыя пісьменнікі і паэты, якія аказалі вялікі ўпыў на літаратурнае і духоўнае жыццё Лунінеччыны. Іх імёны ўвекавечаны на мемарыяльных дошках, у помніках, экспазіцыях, а таксама ў літаратурных святах і фестывалях.
Мемарыяльныя дошкі
Мемарыяльныя дошкі ў Лунінцы і раёне ўсталяваны на будынках, звязаных з творчасцю і жыццём літаратараў. На памяшканні чыгуначнага вакзала Лунінца размешчана мемарыяльная дошка знакамітым людзям, у іх ліку пісьменнікам і паэтам: А. Блоку, Я Коласу, А. Талстому, А. Макаёнаку, Я. Брылю, М. Танку. На будынку раённага музея, які заснаваны ў 1978 г., былі ўсталяваны мемарыяльныя дошкі ў памяць аб знаходжанні ў Лунінцы Якуба Коласа (1911-12) і Аляксандра Блока (1916-17), ёсць дошка А. Блоку ў вёсцы Лунін. А на фасадзе Лунінскай сярэдняй школы ўстаноўлена дошка М. Елянеўскаму, пісьменніку і журналісту, ураджэнцу вёскі, заснавальніку свята «Лунінская восень». У вёсцы Любань на памяшканні Дома культуры ўсталявана дошка А. Макаёнку і У. Сцепчанку, прататыпу галоўнага героя п’есы «Таблетку пад язык», якая была шмат у чым створана драматургам на Любанскім матэрыяле.
У Мікашэвіцкай гімназіі ў кастрычніку 2001 г. урачыста адкрыты грамадскі літаратурны музей, прысвечаны пісьменніку У. I. Нядзведскаму, 20 красавіка 2005 г. на будынку гімназіі размешчана мемарыяльная дошка пiсьменнiку У. I. Нядзведскаму (1929–1973), ураджэнцу Лунiнецкага павета.
Помнікі
У 2001 г. у межах Дня беларускага пісьменства адбылося адкрыццё помніка земляку – пісьменніку і гісторыку Мікалаю Калінковічу, ураджэнцу вёскі Цна Лунінецкага раёна скульптара В. Кандрацьева. Помнік размешчаны перад уваходам у Лунінецкую цэнтральную раённую бібліятэку.
..
..
..
..
..
..
У 2005 г. па вуліцы Савецкай, каля гасцініцы «Юбілейная», адкрыты помнік Якубу Коласу, які пісаў у Лунінцы некаторыя главы паэмы «Сымон-музыка» і шэраг вершаў.
…
..
..
..
..
..
..
..
Літаратурныя святы і фестывалі
Лунінская восень
Штогод у Лунінскай сярэдняй школе праходзіць маштабнае літаратурнае свята “Лунінская восень”. Яго са сваімі паплечнікамі і аднадумцамі ў 2004 годзе заснаваў вядомы пісьменнік і журналіст Мікалай Елянеўскі (1948-2013). Мікалай Елянеўскі нарадзіўся ў Луніне, вучыўся тут у школе, цікавіўся мясцовай гісторыяй і шмат рабіў для яе папулярызацыі. Адзін з самых вядомых яго твораў – раман-хроніка “Час святара”. М. Елянеўскі – лаўрэат прэмii Беларускага Саюза журналістаў (2007), лаўрэат конкурсу Брэсцкага аблвыканкама (2007), лаўрэат прэміі У. Калесніка (2011).
На свята «Лунінская восень» з’язджаюцца пісьменнікі і журналісты Брэсцкай вобласці і Беларусі, кіраўнікі ўстаноў сферы літаратуры і культуры са сталіцы, а таксама кіраунікі раёна і вобасці.
Традыцыйна падчас свята ўдзельнікаў вітаюць на парозе школы. Фасад будынку ўстановы адукацыі ўпрыгожвае мемарыяльная дошка, прысвечаная Мікалаю Елянеўскаму. Нябачна, але ён заўсёды прысутнічае на свяце. Кожны год на мерапрыемства прыязжае жонка Мікалая Васільевіча – Надзея Мікалаеўна.
З 2018 г. шырокі ўдзел у паэтычных чытаннях “Лунінская восень” прымаюць сябры лунінецкіх творчых аб’яднанняў “Муза” і “Літаратурная правінцыя».
Тут уручалася абласная літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка. З самага пачатку з’явілася ў падзеі і другое, неафіцыйнае, імя – “Літаратурныя дажынкі Берасцейшчыны”. Адным з урачыстых момантаў на свяце з’яўляецца падвядзенне вынікаў конкурсу сярод творчай моладзі Лунінецкага раёна.
Вялікае мерапрыемства ў адносна невялікім населеным пункце, мясцовыя гасціннасць і атмасфера – такія ўражанні вязуць з “Лунінскай восені” удзельнікі па ўсёй краіне. Такім жа цёплым, шчырым, узнёслым свята застаецца і зараз. І кожны год лунінчане, захаваўшыя сваю “восень”, нягледзячы на цяжкасці, гатовы вітаць самых высокіх гасцей.
Літаратурна-краязнаўчыя і навукова-практычныя канферэнцыі памяці М. М. Калінковіча
У 1992 г. Лунінецкім райвыканкамам прынята рашэнне штогод праводзіць Дзень памяці пісьменіка-земляка М. М. Калінковіча і паэта А. А. Блока, чый перыяд жыцця на Палессі М.М. Калінковіч даследаваў. Падпалкоўнік М. М. Калінковіч, ураджэнец вёскі Цна Лунінецкага раёна, загінуў пры выкананні службовых абавязкаў 24 ліпеня 1990 г. у Тбілісі (Грузія). Пахаваны ў Лунінцы. Надмагілле зрабіў мінскі скульптар Мікалай Іванавіч Кандрацьеў. Імем пісьменіка названы вуліцы ў Лунінцы і Цне.
З 1992 г. адбываюцца міжнародныя літаратурныя сустрэчы, на якіх прысутнічалі госці з Расіі, Украіны, Польшчы, Туркменістана. У 2000 годзе шэрагам мерапрыемстваў адзначана 10-я гадавіна гібелі М. М. Калінковіча. На вечары памяці прысутнічалі ўдава пісьменніка Святлана Паўлаўна Калінковіч, сакурснік па журфаку Павел Жукаў (Мядзель), саслужывец па Туркменістану Алесь Карлюкевіч. З 2001 года ў Лунінецкім раёне праводзіцца конкурс самадзейных паэтаў і чытальнікаў твораў краязнаўчай тэматэкі, прысвечаны памяці М. М. Калінковіча. З 2005 г. праходзяць літаратурна-краязнаўчыя і навукова-практычныя канферэнцыі, на якіх прысутнічаюць пісьменікі і паэты: М. Скобла, Э. Акулін, Л. Дранько- Майсюк, А. Спрынчан і інш. Матэрыялы канферэнцый друкуюцца ў кнігах «Лунінецкая памяць. Дадаткі 1; 2; 4; 5» Таццянай Канапацкай, ідэйным натхняльнікам і арганізатарам літаратурна-краязнаўчых праграм, прысвечаных М. Калінковічу.
Каласавіны
У пачатку лістапада штогод адзначаецца дзень народзінаў славутага беларускага народнага песняра – Якуба Коласа. Класік айчыннай літаратуры на падставе фактаў са сваёй біяграфіі мае пэўнае дачыненне да нашага палескага краю. У Лунінцы ён напісаў некалькі вершаў і апавяданняў, пачаў тут першую частку славутай паэмы “Сымон-музыка”. У Лунінцы ўжо не адно дзесяцігоддзе існуе вуліца Якуба Коласа.
З 1990-х гадоў у горадзе праводзіліся досыць маштабныя святы “Каласавіны”, на якія запрашаліся вядомыя літаратары са сталіцы і розных гарадоў Берасцейшчыны, а таксама сваякі Якуба Коласа. Тады ж была ўсталявана мемарыяльная дошка на будынку Лунінецкага музея. Яшчэ адна мемарыяльная дошка была адкрыта раней, на доме па цяперашняй вуліцы Савецкай, дзе калісьці жыў паэт. На жаль, дом перабудаваны, дошка не захавалася. Згадваецца Якуб Колас і на мемарыяльнай шыльдзе, што змешчана на Лунінецкім чыгуначным вакзале ў гонар славутых людзей, якія бывалі на гэтай зямлі. Адны з “Каласавін” у свой час адбыліся і ў Мікашэвічах, дзе на будынку станцыі таксама ўсталявалі адпаведную шыльду. Справа ў тым, што ў 1947 годзе Колас як кандыдат ў дэпутаты Вярхоўнага Савета ездзіў па Палессі ў спецыяльным вагоне і сустракаўся з выбаршчыкамі. Менавіта тады наведаў Мікашэвічы і вёску Сінкевічы, жыхарам апошняй дапамог адбудаваць школу, якой пасля вайны ў вёсцы не існавала. У цяперашняй Сінкевіцкай школе ёсць экспазіцыя ў гонар Якуба Коласа, а ў Мікашэвічах не так даўно ягоным імем назвалі вуліцу.
На сёняшні дзень Каласавіны праводзяцца ў навучальных установах і бібліятэках раёна. Кожны год напачатку лістапада ў бібліятэках Лунінецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прародзяць мерапрыемствы пад агульнай назвай “Лунінецкія Каласавіны”, прысвечаныя творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і прымеркаваныя да дня яго нараджэння. У бібліятэках афармляюцца кніжныя выставы, адкрытыя прагляды літаратуры, праводзяцца літаратурныя і паэтычныя вечары.
У 2018 г. да 100-годдзя паэмы “Сымон-музыка“ ў рамках Тыдня беларускай мовы і літаратуры адбыліся сустрэчы ў сярэдніх школах №№1, 2, 3, 4, гімназіі г. Лунінца і сельгаскаледжа з вядучым навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Іванам Дубовікам. Госць з Мінска прадэманстраваў копіі экспанатаў Дома Коласа, правёў відэаэкскурсіі па мясцінах, дзе нарадзіўся, працаваў і жыў народны пясняр. Асаблівым настроем вызначалася размова ў СШ №1. Менавіта на яе месцы ў свой час быў будынак народнага пачатковага вучылішча, дзе ў загадчыка Вікенція Філіповіча – сакурсніка па Нясвіжскай семінарыі – у 1911-1912 гг. жыў Канстанцін Міцкевіч (Я.Колас) і вёў дадатковыя заняткі з юнымі лунінчанамі. Дарэчы, для нас гэты факт выявіў Леў Мірачыцкі, супрацоўнік Дома Коласа, які наведаў Лунінец у 1960 годзе. Другім быў Георгій Міцкевіч – у 1992-м, дырэктар Стаўбцоўскага філіяла даў старт “Лунінецкім Каласавінам”. Іван Дубовік – трэці прадстаўнік музея Якуба Коласа на лунінецкай зямлі, якому за цікавы расповяд дзякавалі юныя і дарослыя лунінчане.
Літаратурныя сустрэчы у гонар памяці У. І. Нядзведскага
У гімназіі г. Мікашэвічы Лунінецкага раёна стала традыцыяй штогод восенню праводзiць лiтаратурныя сустрэчы, прысвечаныя памяцi У. Нядзведскага (1929-1973), пісьменніка, ураджэнца Рахавiцкiх хутароў Лунінецкага павета. У Лунiнецкiм раённым краязнаiчым музеi ў 1996 г. быў адкрыты раздзел экспазiцыi, прысвечаны пiсьменнiку-земляку, яго іменем названа вуліца у г. Мікашэвічы.
На літаратурных сустрэчах у гонар памяці У. І. Нядзвецкага выступаюць паэты і пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Васіль Жуковіч, Анатоль Вярцінскі, Казімір Камейша і інш. Адна з галоўных частак свята паэзіі — узнагароджанне пераможцаў паэтычнага конкурсу сярод гімназістаў. Акрамя грамат, пачынаючыя паэты атрымліваюць падарункі. 17 кастрычніка 2013 года ў Мікашэвіцкай гімназіі адбылася традыцыйная паэтычная імпрэза, прысвечаная памяці Уладзіслава Нядзведскага, імя якога носіць навучальная ўстанова. Асаблівасцю імпрэзы было адкрыццё помніка-бюста паэту-земляку, што супала з 40-й гадавінай з дня смерці пісьменніка. Акрамя сталічных гасцей, штогод наведваюць гімназію і літаратары Лунінеччыны: Сцяпан Нефідовіч, Вадзім Жылко, Мікалай Ільючык і інш. Такія творчыя сустрэчы даюць магчымасць пачуць мілагучную родную мову з вуснаў вядомых беларускіх пісьменнікаў сучаснасці, набыць кнігі з аўтографамі аўтараў.
Бібліяграфія
- Лунінецкая памяць : дадатак 5 : кнігі і лёсы : пятая і шостая літаратурна-краязнаўчыя і навукова-практычныя канференцыі памяці пісьменніка-земляка Мікалая Калінковіча / запіс успамінаў, рэдагаванне і ўкладанне Таццяны Канапацкай. – Мінск : Віктар Хурсік, 2013. – 288,
- Карлюкевіч, А. М. Дарога да святла / А. М. Карлюкевіч // Лунінецкая памяць : дадатак 4 / укл. Т. Канапацкая. Мінск, 2010. С. 5–13.
- Мікола Калінковіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдіч. Брэст : АА “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 341–343.
- Мiкола Елянеўскі // Лiтаратурная карта Берасшейшчыны / укл. А. Крэйдзiч. Брэст: ААТ»Брэсшкая друкарня», 2008. С. 339-З41 .
- Лунінецкая памяць : дадатак 1 : першая літ.-краязн. навук.-практ. канферэнцыя памяці пісьменніка М. Калінковіча / уклад. Т. Канапацкая. – Мінск : Хурсiк, 2006. – 262 с.
- Нядзвецкі Уладзіслаў Іосіфавіч // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Лунінец. р-на / укл. Т. В. Канапацкая. Мінск: Беларусь, 1995. С. 637-638.
- Якуб Колас // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Лунінец. р-на / укл. Т. В. Канапацкая. Мінск:Беларусь, 1995. С. 153–158.
- Александр Блок // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Лунінец. р-на / укл. Т. В. Канапацкая. Мінск: Беларусь, 1995. С. 160–161.
- Макаёнак А. Я. // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Лунінец. р-на / укл. Т. В. Канапацкая. Мінск: Беларусь, 1995. С. 637.
- Канапацкая, Т. Хлопчык і чыгунка : [пра 10-ыя сустрэчы аматараў краязнаўства памяці пісьменніка М. Калінковіча] / Таццяна Канапацкая // Лунінецкія навіны. 2015. 5 января. С. 4.
- Жылко, В. Экскурсия по Лунинцу / Вадзім Жылко // Информ-прогулка. 2015. 30 июня.
- Жылко, В. Самвыдат: «Лунiнецкi варыянт» / Вадзiм Жылко, Васiль Тумiловiч // Информ-проryлка. 201З. № 49. С. 1З.
- Канапацкая, Т. Далёкія і блізкія суродзічы / Таццяна Канапацкая // Лунінецкія навіны. 2012. № 94. С. 5.
- Нефiдовiч, С. Лiтаратурная традыцыя : [аб ушанаваннi памяцi У. I. Нядзведскага ] / Сцяпан Нефiдовiч // Народная трыбуна. 2010. 4 снежня.