У бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшлі мерапрыемствы з нагоды юбілею беларускага паэта, публіцыста, літаратурнага крытыка Максіма Багдановіча, якому 9 снежня 2021 года споўнілася 130 гадоў.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся літаратурны вечар «Святло паэзіі Максіма Багдановіча». На мерапрыемстве прысутнічалі вучні старэйшых класаў СШ 1 з настаўнікамі Ганнай Бірыла і Ірынай Арашкевіч. Галоўны бібліятэкар Наталля Кіпцэвіч пачала вечар вершам Максіма Багдановіча “Мая душа” і расповядам аб творчым і жыццёвым шляху паэта. Прысутныя паглядзелі дакументальны фільм “Максім Багдановіч. Вечна юны, як наша зямля”, паслухалі вершы Максіма Багдановіча і песні, напісаныя на яго вершы. Творы паэта прагучалі ў выкананні Мікалая Чарнавокага і Таццяны Гурынай. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з літаратурай, экспанаванай на выставе “Пясняр зямлі беларускай”.
Мікашэвіцкая дзіцячая бібліятэка запрасіла на літаратурны агенчык “Ён красу шукаў у полі васількоў…” вучняў 7 “А” класа СШ№2 з класным кіраўніком Таццянай Кот. Бібліятэкар Алена Валашчук пазнаёміла школьнікаў з жыццёвым і творчым шляхам Максіма Багдановіча, расказала цікавыя факты з жыцця паэта. Удзельнікі мерапрыемства чыталі знакамітыя вершы юбіляра. На прыканцы мерапрыемства вучні пазнаёміліся з кніжнай выставай, прысвечанай юбілею паэта.
Мерапрыемствы з нагоду юбілею класіка беларускай літаратуры прайшлі і ў іншых бібліятэках. У Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы адбыўся паэтычны вечар “І зорка гарыць, і не вяне вянок”, у Лахвенскай сельскай бібліятэцы — паэтычная гадзіна «Святло душы Максіма Багдановіча».
Паэтычны ланцужок да 130-годдзя Максіма Багдановіча на ютуб-канале “Лунінецкая бібліятэка” ладзіла цэнтральная дзіцячая бібліятэка. Ва ўсіх бібліятэках аформлены кніжна-ілюстраваныя выставы, на якіх прадстаўлены творы Максіма Багдановіча і літаратура, прысвечаныя яго жыццю і творчасці.