21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды бібліятэкі дзяржаўнай установы культуры “Лунінецкая раённая цэнтралізаываная бібліятэчная сістэма” арганізавалі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы.
У цэнтральнай бібліятэцы адбылася гадзіна беларускай кнігі “Смак роднай мовы”, Бібліятэкар Марына Якубовіч (на фота ўверсе) правяла агляд ля кніжнай выставы “Роднай мове гучаць!”. Прысутныя ўзгадалі вершы беларускіх паэтаў пра Беларусь, родную мову, удзельнічалі ў віктарыне “Славутыя імёны Беларусі”. На мерапрыемстве прысутнічалі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для людзей сталага ўзросту Лунінецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання наcельніцтва (на фота ўнізе: беларускімі кнігамі цікавяцца Уладзімір Рыгоравіч Бадзялік і Ева Сяргееўна Харытановіч).
Мікашэвіцкая гарадская бібліятэка правяла акцыю “Размаўляй са мной па-беларуску”. Усіх, хто наведаў бібліятэку 21 сакавіка, бібліятэкары віталі і абслугоўвалі толькі на беларускай мове, а сярод кніг, з якімі ў гэты дзень чытачы адправіліся дамоў, абавязкова была хоць адна беларуская.
Для юных чытачоў мерапрыемствы прайшлі ў гульнявой форме. Цэнтральная дзіцячая бібліятэка арганізавала моўную скарбонку “Ехалі з горкі скарагаворкі, а за імі пешкі тупалі пацешкі”. У Мікашэвіцкай дзіцячай бібліятэцы прайшоў урок роднай мовы “Вандроўка ў родную мову”.
Гутаркі з чытачамі на тэму роднай мовы на фоне гучання вершаў і песен знакамітых беларускіх паэтаў, акцыі "Гаворым па-беларуску", выставы і прэзентацыі новых беларускіх кніг прайшлі ў Лунінскай, Дзятлавіцкай, Дварэцкай, Сінкевіцкай, Лобчанскай і шэрагу іншых бібліятэк.