1 лістапада 2018 года ў цэнтральнай бібліятэцы адбыліся ХІ Лунінецкія краязнаўчыя чытанні. З прывітальным словам перад прысутнымі выступілі арганізатары чытанняў: журналіст Вадзім Жылко і дырэктар бібліятэчнай сістэмы раёна Алена Кішкевіч.
Удзельнікі чытанняў пазнаёміліся з выставай краязнаўчай літаратуры, абмяняліся думкамі, абмеркавалі падзеі, што адбыліся ў краязнаўчым жыцці за мінулы год, павіншавалі з юбілеем гісторыка і краязнаўцу Васіля Туміловіча. Сваімі думкамі падзяліліся Сцяпан Нефідовіч, Іван Панасюк, Васіль Туміловіч, Аляксандр Хаўдзееў і іншыя. Вельмі цікавым было выступленне Аляксандра Яраховіча, які задаўся мэтай знайсці звесткі пра палацава-паркавы ансамбль, што месціўся ў вёсцы Лахва. Прысутным былі прадстаўлены новыя выданні пра Лунінеччыну, у прыватнасці зборнік фотаздымкаў Льва Коласава “Остановись, мгновенье! Послевоенный Лунинец на фотоснимках 40 – 70-х годов”, выдадзены аддзелам бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі. Леў Коласаў — вядомы ў Беларусі кразнаўца, філатэліст, гісторык почты, нарадзіўся ў Лунінцы, зараз жаве ў Мінску, але не забывае сваю малую радзіму.
Галоўнай падзеяй чытанняў стаў вялікі змястоўны даклад яшчэ аднаго ўраджэнца Лунінца, які зараз жыве ў Польшчы, — Святаслава Яначкіна. Даклад быў прысвечаны картаграфіі Лунінца, гістарычным назвам вуліц горада. Асабліва падрабязна быў асвечаны "польскі" перыяд. Па прафесіі Святаслаў урач, але з захапленнем займаецца краязнаўствам, картаграфіяй. Працуе ў польскіх і беларускіх архівах. На мерапрыемстве прысутнічалі родныя Святаслава, яго былыя настаўнікі.
Фота Т.Карпуковіч, В. Пінігіна