12 кастрычніка 2019 года ў Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыліся ХІІ Лунінецкія краязнаўчыя чытанні. З уступным словам да прысутных звярнулася дырэктар раённай бібліятэчнай сістэмы Алена Кішкевіч.
Затым удзельнікі чытанняў перайшлі да абмеркавання пытанняў за круглым сталом. Вядучы круглага стала Вадзім Жылко нагадаў пра творчыя здабыткі лунінецкіх краязнаўцаў за мінулы год. Святаслаў Яначкін (на ніжнім фота злева) распавёў пра завяршэнне сваёй працы над планам Лунінца 1939 года і пра з’яўленне ў Лунінцы першых кінатэатраў – у наступным годзе будзе адзначацца стагоддзе “лунінецкага кіно”. Ён таксама прадэманстраваў лунінецкія кінаафішы 1920-30-х гадоў, падарыў бібліятэцы часопіс “Ілюстрацыя польска” №15 за студзень 1931 года з артыкулам пра Лунінец Альфонса Высоцкага “Жыццё палескага горада”. Аляксандр Яраховіч пазнаёміў з даследаваннямі па гісторыі Лахвы. Уражэнка Лахвы, а зараз жыхарка Мінска, Ганна Дземідовіч паведаміла пра свае знаходкі ў архівах, звязаныя з яе родным мястэчкам і з Лунінеччынай увогуле. Навуковец з Пінска Аляксандр Ільін прадставіў сваю новую кнігу нарысаў з гісторыі Бяроза-Картузскага канцлагера 1934-39 гадоў. Сярод яго вязняў былі і лунінецкія камуністы. Васіль Туміловіч спыніўся на такіх каштоўных гістарычных крыніцах, як царкоўныя кнігі. Сцяпан Нефідовіч распавёў пра свае даследаванні гісторыі і назваў вёсак, урочышчаў, рэк, азёраў, балотаў нашага краю, якія сёлета былі сабраныя пад адной вокладкай ў зборніку “Краязнаўчыя нарысы”. Кіраўнік аб’яднання “Краязнаўства” політэхнічнга каледжа Галіна Антановіч расказала пра дыпломы і іншыя ўзнагароды, атрыманыя гурткоўцамі на конкурсах рознага ўзроўню.
Галіна Антановіч пачала наступную, умоўна кажучы, прэзентацыйную частку чытанняў. Яна прадставіла газету “Краязнаўчы веснік”, што выдае аб’яднанне “Краязнаўства”, буклеты пра 18 храмаў Лунінеччыны. Быў паказаны відэафільм пра Свята-Мікалаеўскі храм у Кажан-Гарадку, які знялі супрацоўнікі каледжа.
Дырэктар бібліятэчнай сістэмы Алена Кішкевіч прадоўжыла прэзентацыю выданняў і відэаматэрыялаў. Яна прадэманстравала “Літаратурную карту Лунінеччыны”, віртуальную экскурсію па Лунінцы, відэапрэзентацыі Лунінскай сельскай бібліятэкі, відэафільм школьнага бібліятэкара з Сінкевічаў Людмілы Гоза пра пісьменніцу Софію Прорвіч, правяла агляд кніжнай выставы лунінецкіх краязнаўчых выданняў.
Сваімі думкамі падчас чытанняў падзяліліся таксама Віктар Пінігін, Аляксандр Хаўдзееў, Аксана Маркевіч, Алена Кавалец. Прысутныя ўшанавалі памяць аўтара кніг пра прыроду Лунінеччыны Ларысы Канстанцінаўны Панасюк, якая нядаўна пайшла з жыцця.
У час чытанняў было заснавана Лунінецкае краязнаўчае таварыства пры цэнтральнай раённай бібліятэцы. Пасведчанні сяброў таварыства атрымалі (або неўзабаве атрымаюць) Леў Коласаў, Іван Панасюк, Васіль Туміловіч, Сцяпан Нефідовіч, Святаслаў Яначкін (на ніжнім фота злева), Аляксандр Ільін, Яўген Хвастоў, Вадзім Жылко, Аляксандр Яраховіч, Ганна Дземідовіч, Галіна Антановіч, Вера Скіба, Алена Нямчэня і Дзіяна Сладзінская. Кіраўніком таварыства абраны Вадзім Жылко (на ніжнім фота справа).
Фота Віктара Пінігіна