17 снежня 2021 года ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшлі ХІV Лунінецкія краязнаўчыя чытанні. Удзельнікі абмяняліся думкамі, меркаваннямі і прапановамі ў галіне вывучэння і захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Адкрыла і вяла чытанні галоўны бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Наталля Кіпцэвіч.
З выступлення Вадзіма Жылко слухачы даведаліся пра дзейнасць лунінецкіх краязнаўцаў за пярыяд пасля папярэдніх чытанняў, пра кнігі і публікацыі мясцовых аўтараў, у тым ліку чарговыя нумары альманахаў “Лунінецкі сшытак” і “Краязнаўчымі шляхамі Лунінеччыны”.
Сцяпан Нефідовіч паведаміў пра вывучэнне ім анамастыкі (прозвішчаў, імёнаў, мянушак і г.д.) жыхароў вёскі Лахаўка і іншыя свае даследаванні.
Бібліятэкар Сінкевіцкай СШ Людміла Гоза, распавяла пра працу над новым фільмам “Надзея не памірае” (пад дэвізам “Гісторыя маёй сям’і ў гісторыі краю”).
Шэраг слушных заўваг і пажаданняў калегам выказаў у сваім выступленні Васіль Туміловіч, які сам пакуль што адышоў ад актыўнай краязнаўчай дзейнасці.
“Бібліятэка — цэнтр малой радзімы” – так называлася паведамленне загадчыцы Лунінскай сельскай бібліятэкі Лідзіі Цімашэй. Яно было прысвечана дзейнасці бібліятэкі па захаванню і папулярызацыі гісторыі вёскі Лунін.
Загадчыца Мікашэвіцкай гарадской бібліятэкі Аксана Маркевіч таксама распавяла пра дзейнасць бібліятэкі па вывучэнню і папулярызацыі гісторыі малой радзімы. А яшчэ яна прадставіла новую кнігу-альбом пра Мікашэвічы, выдадзеную РУВП “Граніт”.
Зацікавіла слухачоў змястоўнае выступленне Аляксандра Яраховіча, дырэктара Лахвенскай СШ. Тэматыка яго даследаванняў – гісторыя вёскі Лахва ад сярэднявечча да падзей Другой сусветнай вайны і Халакосту.
Многія сябры Лунінецкага краязнаўчага таварыства не змаглі прысутнічаць на чытаннях асабіста, але падчас чытанняў згадалі і пра іх дзейнасць. Згадалі добрым словам памяць Аляксандра Ільіна і Льва Коласава, якія, на жаль, пайшлі з жыцця.
На чытаннях прысутнічалі юныя краязнаўцы з палітэхнічнага каледжа на чале з бібліятэкарам Верай Скіба.
Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з тэматычнай кніжнай выставай, падрыхтаванай супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі.