Круглы стол літаратараў і журналістаў

17 лістапада ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў ІХ штогадовы рэгіянальны круглы стол літаратараў і журналістаў. Яго ладзілі лунінецкія журналісты сумесна з баранавіцкімі калегамі і сябрамі Саюза беларускіх пісьменнікаў.Адзін з самых актыўных арганізатараў круглага стала Вадзім Жылко адзначае: “Сёлета ён быў прысвечаны ўзаемадачыненням журналістыкі і літаратуры. Гаворка ішла пра тое, што агульнага і што адрознага паміж імі, наколькі творчым заняткам можна лічыць журналістыку. Большасць выступоўцаў, сыходзячы з уласнага досведу, сышлася на тым, што абодва заняткі – творчыя, таму патрабуюць здольнасцяў і “божай іскрынкі”, а таксама могуць дапамагаць адно аднаму, узаемадапаўняючы творчы патэнцыял аўтара”.

У размове за круглым сталом узялі ўдзел Вадзім Жылко, Мікалай Ільючык, Аляксей Белы, Людміла Хмялеўская, Алена Насковіч, Раіса Раманчук, Вольга Грыдзюшка, Віктар Пінігін, Валянціна Шэўчык ды іншыя.
На заканчэнне адбылася творчая вечарына баранавіцкіх літаратараў Раісы Раманчук, Аляксея Белага, Таццяны Яцук, Ларысы Антонавай, Рэгіны Скіпар і Ірыны Здановіч (Мезенцавай). Большасць з іх мае па некалькі кніг паэзіі і прозы. Аляксей Белы прадставіў свой ужо восьмы па ліку зборнік “Жыві, дзе ўдосталь ветру”. Гучалі вершы, а Ірына Здановіч і Рэгіна Скіпар выканалі таксама песні на свае словы і на тэксты калег па пяру. Слова ўзялі і лунінчане – сябры творчых клубаў “Літаратурная правінцыя” цэнтральнай бібліятэкі і “Муза” ГДК на чале з Віктарам Пінігіным і Вольгай Грыдзюшка.
Баранавіцкія госці пазнаёміліся з работай Лунінецкай цэнтральнай бібліятэкі, з Літаратурнай картай Лунінеччыны, што размешчана ў бібліятэцы і дадаткамі да яе, якія ўтрымліваюць сотні біябібліяграфічных даведак літаратараў, чыё жыццё і творчасць нейкім чынам звязана з Лунінеччынай.

  

                                                                                                                                                                   Фота Віктара Пінігіна

25 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий