«Хай гучыць трапяткое літаратурнае роднае слова» — так называлася сустрэча ў 11 класе сярэдняй школы №1 г Лунінца, якую па запрашэнню педагога Валянціны Фёдараўны Шэўчык, правяла паэтка з народнага клуба “Літаратурная правінцыя” Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Валянціна Іванаўна Трухнова.
Урок, прысвечаны сучаснай беларускай паэзіі, пачала Валянціна Фёдараўна, якая дарэчы таксама з’яўляецца сябрам народнага клуба «Літаратурная правінцыя». Яна распавяла наколькі важна ведаць творчасць паэтаў свайго краю і чаму, чытаючы іх вершы, узнікае ў сэрцы вялікае пачуццё любові да Радзімы, да сваёй зямлі, дзе нарадзіўся і рос, да сваіх продкаў і бацькоў. Таму што творчы чалавек укладвае душу ў тое, што ён стварае, выказвае словам у вершах песню сваёй душы і боль яе, і радасць, і надзею.
Прадставіўшы госцю, яна перадала слова Валянціне Іванаўне. І паліліся паэтычныя словы. Аб малой Радзіме, аб жыцці, аб прыродзе Палесся, аб роднай мове, аб Чарнобыле і вядома ж аб каханні. Вучні былі захоплены і яе перакладамі на беларускую мову знакамітых замежных аўтараў. Урок закончыўся, а атмасфера прыгожага засталася. І не важна, што большасць вучняў не адрозніваюць ямб ад харэя. Галоўнае, што маглі яны чуць душой і адчуваць сэрцам. Галоўнае, каб пасля сустрэчы заставалася жаданне тварыць, шукаць і даследаваць.
Старшыня народнага клуба «Літаратурная правінцыя» Віктар Пінігін