Лунінецкія Каласавіны

Каласавіны – так прыгожа называюць святочныя мерапрыемствы, якія традыцыйна штогод ладзяцца напачатку лістапада ў гонар класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа.

3 лістапада 2021 года ў Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў літаратурны вечар “Пясняр зямлі беларускай”.

Супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі на літаратурны вечар  удзельнікаў аб’яднання «Краязнаўства», навучэнцаў 1 курса групы № 14 па прафесіі аператар ЭВМ, прадавец палітэхнічнага каледжа разам са сваім кіраўніком, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Галінай Антановіч.

Падчас мерапрыемства прысутныя разам з вядучай Наталляй Кіпцэвіч пагарталі старонкі жыцця паэта, паслухалі аповед аб вялікім таленце беларускага класіка, аб яго паэтычнай сіле, аб яго перакананні ў тым, што пакуль жыве мова – жыве народ.

Са старонак самых першых, прачытаных па складах кніг прыходзіць у наша жыццё гэтае імя – Якуб Колас. Прыходзіць, каб падарыць велізарны паэтычны свет, напоўнены фарбамі, гукамі, пахам роднай зямлі. Свет гэты ўвабраў у сабе гарачую любоў да чалавека, спакойную мудрасць і дабрыню народа, вялікую веру ў яго шчасце. Багатая спадчына Якуба Коласа належыць не толькі нам, беларусам, а і ўсяму свету, а сам пясняр быў і застаецца вялікім сынам свайго часу і сваёй краіны.

Вядучая зачытала выказванні іншых пісьменнікаў пра Якуба Коласа, распавяла аб цікавых фактах з жыцця пісьменніка, аб тым, як Якуб Колас трапіў на Лунінеччыну, якія творы напісаў, калі жыў на палесскай зямлі, затым прапанавала паглядзець фільм “У пошуках новай зямлі…” аб жыццёвым і творчым шляху пісьменніка.

Галіна Антановіч распавяла прысутным пра Літаратурна-этнаграфічны музей Якуба Коласа, які знаходзіцца ў аграгарадку Люсіна Ганцавіцкага раёна, дзе яна сама нядаўна пабывала. Будучы класік беларускай літаратуры жыў у Люсіне ў 1902-1904 гг. пасля заканчэння Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі.

Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з літаратурай, экспанаванай на выставе “Пясняр зямлі беларускай”.

Тэкст і фота Н. Кіпцэвіч

133 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий