Электронны рэсурс папоўніўся новым раздзелам

Электронны рэсурс “Страчаная святыня” аб Дзятлавіцкім Нова-Пячэрскім Спаса-Прэабражэнскім мужчынскмі манастыры, што створаны Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай, папоўніўся новым раздзелам – “Дакументы з архіваў”.

Раздзел пакуль змяшчае толькі адзін дакумент. Бясцэнны падарунак лунінчане атрымалі ад пратыдыякана Паўла Бубнова – план манастыра 1770 года, калі абіцель была найбагацейшай у Мінскай епархіі. Электронную копію плана перадаў бібліятэцы пратаіерэй Сергій Крышталь.

Дзятлавіцкі Нова-Пячэрскі Спаса-Прэабражэнскі мужчынскі манастыр – адна з галоўных праваслаўных святыняў Палесся, на жаль, назаўсёды страчаная, быў заснаваны 400 гадоў назад. У цяжкія для Праваслаўнай Царквы часы, калі на­пачатку XVII стагоддзя большасць манастыроў перайшла ва ўнію, каралеўскі дваранін Канстанцін Багданавіч Долмат-Цяперскі (?-1622), не маючы з жонкай Аннай Юркоўскай дзяцей, завяшчаў свае маёнткі Дзятлавічы і Лулінец Кіева-Пячэрскім настаяцелям, пажадаўшы пры гэтым, каб яны заснавалі там праваслаўны манастыр.

Доўгі час у гістарычных даследаваннях зусім рэдка можна было сустрэць звесткі пра Дзятлавіцкі манастыр. Пра яго згадвалі коратка, у асноўным у апісаннях гісторыі Мінскай епархіі. І толькі ў апошнія гады сталі з’яўляецца цікавыя і падрабязныя даследаванні. Лунінецкая цэнтральная раённая бібліятэка сабрала і сістэматызавала ўсе даступныя публікацыі, на іх аснове стварыла электронны рэсурс “Страчаная святыня” і ў 2020 годзе прадставіла яго на рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Праект заняў першае месца ў намінацыі “Гісторыя праваслаўя роднага краю”. Але на гэтым стварэнне праекта не закончылася. Супрацоўнікі бібліятэкі спадзяюцца, што рэсурс будзе папаўняцца новымі дакументамі і разлічваюць у гэтым на дапамогу гісторыкаў, краязнаўцаў, святароў, усіх зацікаўленых у вывучэнні і папулярызацыі гісторыі роднага краю.

86 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий