Мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшлі мерапрыемствы, напраўленыя на выхаванне цікавасці да моўнага багацця беларускай мовы, на фарміраванне нацыянальнай свядомасці і развіцця моўнай культуры моладзі.

У цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы прайшла гадзіна паэзіі «Мова-душа народа» для вучняў 4 “Б” класа СШ №1 г.Лунінца. Дзеці ўдзельнічалі ў турніры «Знаўцы беларускай мовы», чыталі вершы, адгадвалі загадкі і спявалі песню «Купалінка». Асабліва спадабаўся верш «Развітанне» ў выкананні Максіма Брэзіна. Дапоўніла мерапрыемства кніжная выстава “21 лютага — Дзень роднай мовы”. Агляд выставы зрабіла бібліятэкар Людміла Данілкіна.  

У гонар свята ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася паэтычная гасцёўня “Як дорага мне, мая родная мова». Для навучэнцаў СШ № 3 г.Лунінца імя Героя Савецкага Саюза А.У.Петрушэўскага чыталі свае творы вядомыя паэты Лунінеччыны Валянціна Трухнова і Віктар Пінігін. Усім прысутным прапанавалі віктарыну, дзе вучні паказалі выдатнае веданне роднай мовы. Супрацоўнікі  бібліятэкі падрыхтавалі да мерапрыемства кніжную выставу “Роднай мове гучаць”.

Што беларуская мова самая звонкая і мілагучная, непаўторная і загадкавая, упэўніліся удзельнікі мерапрыемстваў, якія адбыліся ў Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы. Вучням 5 “А” класа СШ №2 і вучням 6 “А” класа СШ №1 імя А.Ў.Зайчанка на пачатку мерапрыемства бібліятэкар расказала, чаму 21 лютага кожны год адзначаецца гэта дата. Затым дамовіліся, што гутарку будуць весці на роднай мове. Прысутныя чыталі вядомыя вершы беларускіх аўтараў пра мову. Таксама чыталі беларускія прыказкі і прымаўкі, адказвалі на цікавыя тэматычныя беларускія загадкі, гулялі ў гульню “Перакладчыкі”.

З вучнямі 9 “В” класа імя А.Ў.Зайчанка была праведзена літаратурная гадзіна “Якая цудоўная родная мова”. Вучні з цікавасцю выконвалі розныя заданні: складалі прыказкі, разгадвалі фразеалагізмы, чыталі вершы і інш.

Для вучняў 9 “А” класа СШ №1 імя А.Ў.Зайчанка быў праведзены інтэлектуальны турнір “Таямніцы зямлі Беларускай”. Усе ўдзельнікі праявілі свае веды, кемлівасць і знаходлівасць, даказалі, што ведаюць і любяць сваю родную мову. Да мерапрыемстваў у бібліятэцы была аформлена кніжная выстава “Беларуская мова – мелодыя сэрца”.

У Дрэбскай сельскай бібліятэцы-клубе для навучэнцаў 3-4 класаў пачатковай школы праведзена гадзіна славеснасці “Чарую душу родным словам”. Падчас мерапрыемства дзеці паказалі не толькі свае веды, але і праявілі кемлівасць. Мерапрыемства атрымалася насычаным і незвычайным. У бібліятэцы-клубе прайшла акцыя “Дрэва беларускіх слоў”. Усім удзельнікам было прапанавана на працягу ўсяго мерапрыемства размаўляць на беларускай мове. Бібліятэкар папрасіла напісаць на выразаных лісточках свае любімыя словы на беларускай мове, якімі дзеці з задавальненнем потым упрыгожвалі святочнае дрэва.

У Кажан-Гарадокскай сельскай бібліятэцы-клубе прайшла літаратурная гадзіна “На крылах роднай мовы”. Мерапрыемства прайшло ў фармаце гульняў: «Маё любiмае слова па-беларуску», «Назавi адным словам», «Словы ветлiвасцi», «Адгадай-ка». Напрыканцы мерапрыемства пазнаёміліся з тэматычнай выставай беларускіх кніг.

У Ракітненскай  сельскай бібліятэцы  прайшла літаратурная  замалёўка “З любоўю да роднага слова”. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 3-4 класаў базавай школы в.Ракітна. Вучні чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў, якія пішуць пра роднае слова пра наш беларускі край. Дзеці актыўна  ўдзельнічалі у разгадванні беларускіх народных  загадак, успаміналі прыказакі і прымаўкі.

У Лахвенскай сельскай бібліятэцы адбылася гульня-віктарына «Таямніца родных слоў».  Дзеці прынялі ўдзел ў разгадванні крыжаванкі. Перамогу атрымала каманда дзяўчынак. Літаратурную гадзіну “Чытаем вершы па-беларуску” правяла бібліятэкар Вулькаўская 2 сельскай бібліятэкі. Гадзіну роднай мовы “Чытаем на роднай мове” падрыхтавала бібліятэкар Бродніцкай сельскай бібліятэкі-клуба. У Баравецкай сельскай бібліятэцы для дзяцей прайшоў урок роднай мовы «На мове роднай размаўляю».

Дзякуючы такім мерапрыемствам дзеці павышаюць матывацыю да вывучэння роднай мовы. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам захаваць і перадаць наступным пакаленням багатую спадчыну роднай мовы!

264 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий