1 – 2 верасня ў бібліятэках раёна прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў і Дню беларускана пісьменства. Увагу наведвальнікаў прыцягвалі шматлікія кніжныя выставы, на якіх была адлюстравана кніжная гісторыя нашай краіны.
Святочныя мерапрыемствы ў цэнтральнай бібліятэцы пачаліся літаратурна-паэтычнай кампазіцыяй “Свята cлова, свята кнігі”. Вядучыя Ірына Навацкая і Наталля Кіпцэвіч з дапамогай сяброў клуба “Літаратурная правінцыя” прадставілі гісторыю развіцця пісьменства ў Беларусі, расказалі пра знакамітых асветнікаў беларускай зямлі.
Затым чытачы цэнтральнай бібліятэкі сустрэліся з беларускай паэткай Аленай Ігнацюк (г.Пінск). Яна чытала вершы са сваёй новай кнігі “Будзе ўсё наадварот”, у якіх рэальнасць трапляе ў свет фантазіі лірычнай гераіні і набывае адваротны змест, нечаканыя формы. А яшчэ Алена піша пад псеўданімам Дора Гуш у жанры фантасмагорыі. Чытачам была прадстаўлена кніга, якая толькі што выйшла з друку, “Дыяруш для дзівалова: зімовая фанстамагорыя”. Па словах аўтара, на старонках гэтай кнігі яна раскрывае сваю душу і жыццё ў правінцыяльным Пінску – сталіцы Палесся.
У гэты ж дзень адбылася сустрэча на міжнародным узроўні. Цэнтральную бібліятэку наведала дэлегацыя з горада Палеск Калінінградскай вобласці Рассіі – пабраціма Лунінца: старшыня Палескага аддзялення грамадскай аргаізацыі Рэгіянальная нацыянальна-культурная аўтаномія “Калінінградскае зямляцтва беларусаў” Іван Абрамовіч, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі, член Саюза пісьменнікаў Расіі, кіраўнік Палескага літаратурнага аб’яднання “Высокая строфа” Мікалай Васілеўскі, дырэктар муніцыпальнай бюджэтнай установы культуры “Міжпасяленчая цэнтральная бібліятэка” Марына Красоўская, бібліятэкар Любоў Салаўёва. Мікалай Васілеўскі прадставіў свае вершы і аўтарскія цыганскія песні і рамансы.
Госці знаёміліся з работай бібліятэкі ў нефармальнай абстаноўцы і абмяняліся падарункамі, а таксама наведалі цэнтральную дзіцячую бібліятэку.
Кожны год у першы дзень верасня ў цэнтральнай дзіцячай біблітэцы надзвычай шматлюдна. Пачатак навучальнага года аб’ядноўвае тых, хто з вялікай павагай ставіцца да роднага слова. Настаўнікі школ горада прыводзяць сюды вучняў цэлымі класамі на сустрэчу з кнігай.
Мерапрыемствы да Дня ведаў і Дня беларускага пісьменства прайшлі ва ўсіх біблятэках раёна.