19 снежня ў Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам і журналістам Міколай Ільючыкам, які прэзентаваў сваю новую кнігу апавяданняў “Усмешка анёла”. Кніга выйшла ў серыі “Кнігарня пісьменніка” у выдаведстве “Кнігазбор”.
Прадмову да кнігі напісаў вядомы беларускі пісьменнік Васіль Жуковіч. “Усмешку анёла” ён назваў таленавітай, шматгалосай кнігай, якая дагодзіць самым розным густам.
На сустрэчу сабраліся сябры клуба “Літаратурная правінцыя”, землякі, знаёмыя і родныя аўтара, а таксама неабыякавыя да мастацкага слова людзі. Слова для выступлення падчас сустрэчы ўзялі амаль усе сябры клуба “Літаратурная правінцыя”. Яны чыталі вершы, выконвалі песні, дарылі падарункі. Мікола Ільючык дзяліўся з прысутнымі сваімі ўспамінамі, перажываннямі, распавядаў пра сваё дзяцінства, сям’ю, творчасць.