Лунінецкая цэнтральная бібліятэка працягвае акцыю "Культурны мост. Бібліятэка аб'ядноўвае". "Мост" — гэта бібліятэка, якая яднае землякоў, раскіданых па ўсяму свету. 8 лістапада адбылася творчая сустрэча з паэтам і бардам Валерыем Пазнякевічам.
Наша даведка: Валеры Пазнякевіч нарадзіўся 10 красавіка 1968 года ў вёсцы Сінкевічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Вершы пачаў пісаць у сямігадовым узросце. Друкаваўся ў часопісах "Полымя", "Беларусь", "Маладосць", "Бярозка","Першацвет","Зрок", альманаху "Дзень паэзіі", а таксама ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Чырвоная Змена", "Наша слова", "Мінская праўда","Беларуская ніва", "Народная Воля" і іншых. Жыве і працуе ў Мінску. Яго вершы ўвайшлі ў хрэстаматыю для сярэдніх школ "Сэрцам роднага слова краніся", анталогію аднаго верша "Агледзіны", анталогію беларускай хрысціянскай паэзіі "Насустрач духу", анталогію "Верш на Свабоду", вучэбны дапаможнік для настаўнікаў музыкі "Беларускае свята ў школе". Многія творы аўтара сталі вядомымі беларускімі песнямі. Запісаў два дыскі аўтарскіх песень: "Шлях да Беларусі" і "Дэбют". У 2017 годзе паэт выдаў зборнік вершаў "Кругі жыцця", а ў 2018 годзе вершы паэта ўвайшлі ў зборнік духоўнай паэзіі, мастацкай прозы і публіцыстыкі "За всё создателю спасибо”.
На працягу двух гадзін прысутныя слухалі вершы і песні пад гітару, якіх у Валерыя налічваецца больш за паўтары тысячы. Яны прысвечаны розным людзям: Вользе Вечар (студэнцкае каханне паэта, унучка Аркадзя Куляшова), беларускім пісьменнікам і паэтам Яўгеніі Янішчиц, Аркадзю Куляшову, Уладзіміру Караткевічу, Міколе Купрэеву, Рыгору Барадуліну, Івану Курбеку, Нілу Гілевічу. На завяршэнне сябры клуба «Літаратурная правінцыя» Валянціна Трухнова і Галіна Абрамчук са словамі падзякі за выдатны вечар ўручылі Валерыю Пазнякевічу памятныя сувеніры, а жадаючыя змаглі набыць зборнік вершаў з аўтографам аўтара.