7 ліпеня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў вечар паэзіі “Янкаў вянок”, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. 2017 год у Беларусі праходзіць пад знакам 135-гадовага юбілею вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў
нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гістарычная заслуга іх заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым узнялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету.
На працягу ўсяго года ў бібліятэках раёна праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею песняроў. Але асабліва насычанымі стануць ліпень, калі нарадзіўся Купала, і лістапад – месяц нараджэння Коласа.
Янка Купала (літаратурны псеўданім Івана Дамінікавіча Луцэвіча) – народны паэт Беларусі, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, нарадзіўся ў купальскую ноч, і гэтая акалічнасць сталася для яго знакавай. Яна прынесла яму літаратурны псеўданім – Купала. Аб гэтым і аб іншых цікавых момантах жыцця і творчасці паэта распавядала галоўны бібліятэкар Ірына Хлуд. А потым удзельнікі вечарыны дарылі ў вянок любімаму паэту вершы і песні і ўдзельнічалі ў літаратурным конкурсе на лепшае веданне творчасці Янкі Купалы. Вершы чыталі Паліна Чарненка, Андрэй Кішкевіч, Анастасія Быстрая (на фота ўнізе злева направа) Ксенія і Дзяніс Свеклісценкавы. Знаўцамі творчасці Янкі Купалы сябе паказалі Вольга Баўкуновіч, Наталля Федаровіч, Надзея Аляшкевіч, Андрэй Ледаўскіх.
Усе прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з кніжнай выставай, прысвечанай юбілею Я. Купалы, якая складалася з трох раздзелаў. Першы, літаратуразнаўчы, прадстаўляў кнігі, якія даследуюць біяграфію, творчую дзейнасць, асобныя творы Янкі Купалы. Другі і трэці раздзелы былі прадстаўлены мастацкімі творамі самаго паэта.