14 лістапада 2026 года філіял Кажан-Гарадоцкая сельская бібліятэка-клуб наведала фальклорна-этнаграфічная экспедыцыя Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання Беларусі «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства». Сустрэча стала сапраўдным святам народнай культуры, гасціннасці і жывых зносін.
Удзельнікі экспедыцыі, сярод іх: Аляксей Віктаравіч Глушко — навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, старшыня РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства»; Іван Міхайлавіч Струцінскі – малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута славяназнаўства Расійскай акадэміі навук, кандыдат мастацтваў, сябры РМГА «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» — Кандраценя Уладзімір Андрэевіч Аляксей Сяргеевіч Піскун; Ганна Арцёмаўна Разіна – кіраўнік фальклорнага гуртка «Вішнёвы сад», сустрэліся з народным фальклорным калектывам «Надзея», які працуе пры філіяле Кажан-Гарадоцкая сельская бібліятэка-клуб.

Удзельнікі каллектыву не толькі захоўваюць і зберагаюць песні, якія спявалі іх матулі і бабулі, але і праводзяць народныя абрады, характэрныя для Кажан-Гарадка і яго наваколіц. Асаблівую цікавасць у дэлегацыі выклікаў аповед пра абрад «Вяселле», які з’яўляецца адным з самых старажытных абрадаў беларускага сялянства. На працягу значнага часу многія элементы былі страчаны, але галоўныя моманты захаваліся да нашых дзён. Удзельнікі калектыву спявалі старадаўнія абрадавыя песні.

Прадстаўнікі наведалі старажылу аграгарадка Марыю Міхайлаўну Гусціновіч, якая распавяла, што існаваў такі народны рытуал: «свякруха» замест вянка завівала намітку (закручвала галаўны ўбор) і накідвала на галаву нявесты хустку. Сэнс дзейства заключаўся ў тым, што маладая на час як бы знікала, каб затым з’явіцца ў новым статусе — жонкі.
Удзельніцы калектыву «Надзея» Яўгенія Мікалаеўна Каратыш і Марыя Аляксееўна Сідаровіч выканалі песню «На моры, на рэйдзі карабль стаяў». Госці Аляксей Віктаравіч і Ганна Арцёмаўна выканалі жніўную песню «Ой, я жала не ляжала».
Для самога калектыву такія сустрэчы — заўсёды хвалюючая і радасная падзея. Па словах удзельникаў калектыву, артысты старанна рыхтаваліся да прыезду гасцей: «Нам хацелася паказаць нашу культуру такой, якая яна ёсць — шчырай, адкрытай і якая аб’ядноўвае. Калі бачыш, што госці пачынаюць падпяваць і прытанцоўваць, разумееш, што мова фальклору зразумелая кожнаму».
У завяршэнні сустрэчы удзельнікі сустрэчы выказалі надзею на далейшае сяброўства і новыя творчыя сустрэчы.
Удзел у мерапрыемстве такога ўзроўню спрыяе прафесійнаму і духоўнаму росту ўдзельнікаў калектыву, пакідае незабыўныя ўражанні.