26 лістапада споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча — класіка беларускай літаратуры і адной з найбольш вядомых постацей у айчынннай літаратуры другой паловы XX ст. Яго творы з захапленнем беларусы (і не толькі!) чытаюць і цяпер.
Уладзімір Караткевіч… Гэта яго называюцць гонарам і сумленнем беларускай літаратуры. Лёс даў Уладзіміру Сямёнавічу кароткае жыццё – усяго няпоўныя 54 гады, але ён здолеў з бляскам сцвердзіць сябе ў паэзіі і мастацкай прозе, драматургіі, публіцыстыцы і крытыцы, у дзяцячай літаратуры і перакладчыцкай справе.
У Мікашэвіцкай гарадской біблітэцы з нагоды юбілею знакамітага аўтара прайшло літаратурнае падарожжа “І не знікаць Паэтам вечна”. Уладзімір Караткевіч многімі ўспрымаецца як майстар прозы, але ён яшчэ і таленавіты паэт, таму у назве мерапрыемства, якая з’яўляецца радком з верша аўтара, акцэнт зроблены менавіта на тое, каб пазнаёміць удзельнікаў яшчэ і з паэтычным бокам таленту юбіляра.
Уладзімір Караткевіч быў заўзятым падарожнікам – і удзельнікі мерапрыемства таксама падарожнічалі разам з вядучай Аксанай Маркевіч па жыццёвым і творчым шляху пісьменніка, знаёміліся з цікавымі фактамі яго біяграфіі. Дапамогай у гэтым стала відэапрэззентацыя, падрыхтаваная супрацоўнікамі бібліятэкі з аднаіменнай назвай. Прыемна было адзначыць, што Уладзімір Сямёнавіч бываў на Лунінеччыне, што знайшло адлюстраванне ў яго кнізе “Зямля пад беллымі крыламі”: “…Другі край рэспублікі. Паўдзённы. Лахва Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Рака з непрыгожаю назваю Смердзь ёсць, аднак, адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці. Недзе кіламетраў за дзесяць да ўпадзення ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунелі. І ў гэтых тунелях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў. Тут цудоўныя новыя пабудовы. У прыватнасці, школа. І, нібы вакол мала вады, тут яшчэ і шмат сажалак, дзе разводзяць карпаў…”. З лёгкай рукі Уладзіміра Караткевіча нашу краіну сталі называць зямлёй пад белымі крыламі. А яшчэ адзін радок з яго верша “На Беларусі Бог жыве” таксама выкарыстоўваеца вельмі часта і здаецца, што ён быў заўсёды.
Удзельнікі мерапрыемства дзяліліся сваімі меркаваннямі аб асобе пісьменніка, яго творах: Алена Кудач прачытала некалькі вершаў на тэму Радзімы, прыроды, кахання; Акцябрына Варанцова ўспомніла кінастужкі “Чорны замак Альшанскі” і “Дзікае паляванне караля Стаха” і тое, якія яны былі незвычайна таямнічыя для свайго часу; Валянціна Лукашэвіч падзялілася ўражаннямі ад рамана “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”; Вольга Шэляговіч распавяла пра рамантычную гісторыю кахання Уладзіміра Караткевіча і яго жонкі Валянціны Браніславаўны; Аксана Маркевіч прадставіла да ўвагі гумарыстычны верш аўтара «Як Стажары ў небе заззялі…», які вызваў шмат усмешак у прысутных.
На прыканцы мерапрыемства прайшоў агляд літаратуры – Уладзімір Караткевіч паспеў напісаць шмат твораў, і таксама шмат твораў напісана іншымі аўтарамі пра Караткевіча. Сімвалічным завяршэннем сустрэчы стаў прагляд захаваўшагася фрагмента тэлеперадачы, дзе Уладзімір Караткевіч сам распавядае гледачам, як важна ведаць гісторыю сваёй краіны, лепшых яе прадстаўнікоў, аддана любіць радзіму – зямлю пад белымі крыламі.
Тэкст і фота А. Маркевіч