Дзень беларускага пісьменства

У бібліятэках прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня беларускага пісьменства, які ў гэтым годзе адзначаецца 6 верасня. Былі арганізаваны адкрытыя прагляды літаратуры, літаратурныя чытанні, святы кнігі, асветніцкія ўрокі і інш.

У Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы праведзена асветніцкая гадзіна «Ля вытокаў пісьменства». У бібліятэку былі запрошаны вучні 9 класа СШ № 1. Галоўны бібліятэкар Наталля Кіпцэвіч распавяла пра гісторыю беларускага пісьменства, пра знакамітых прадстаўнікоў кніжнай асветы. Бібліятэкар Ірына Навацкая правяла віктарыну на веданне гісторыі беларускага пісьменства, а бібліёграф Кацярына Кацуба – агляд літаратуры па тэме. Школьнікі таксама паглязелі фільм пра беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, асветніка-гуманіста Францыска Скарыну і пазнаёміліся з літаратурай, прадстаўленай на тэматычных кніжных выставах.

У Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы напярэдадні Дня беларускага пісьменства прайшло свята беларускай кнігі «Душа народа ў творах іх жыве». Вядучая Аксана Маркевіч пазнаёміла прысутных з гісторыяй як самога свята, так і гісторыяй беларускага пісьменства ад вытокаў да нашых дзён. Успомнілі выдатных прадстаўнікоў нашай краіны, іх творчасць, значэнне іх дзейнасці не толькі для Беларусі, але і для ўсяго свету. Удзельнікам перапрыемства прыйшлося да спадобы гістарычнае падарожжа з прыпынкамі, на якіх іх чакалі розныя тэматычныя віктарыны, загадкі ды рэбусы. Гучала шмат вершаў беларускіх класікаў і сучасных аўтааў. Удзельнікі клуба «Паэтычная глыбінка», што працуе пры бібліятэцы, Кацярына Котава і Мікалай Галавач прадставілі свае ўласныя вершы, а вершы старэйшай удзельніцы клуба, якая па прычыне сталага ўзросту не магла прысутнічаць асабіста — Веры Паўлаўны Паўлюкевіч, зачытала вядучая. Дарэчы, гэтыя і шмат іншых вершаў увайшлі ў зборнік Веры Паўлаўны «Земной букет», які не так даўно выпусціла Мікашэвіцкая гарадская бібліятэка. Міні-прэзентацыя гэтага зборніка і адбылася ў рамках мерапрыемства. Завяршылася свята беларускай кнігі па традыцыі чаяваннем, агульным фота і чаканнем новых, цікавых сустрэч.

Мерапрыемствы, на якіх бібліятэкары распавядалі сваім чытачам пра гісторыю ўзнікнення кнігі, выдатных асветніках беларускай зямлі, знаёмілі з новымі цікавымі выданнямі прайшлі і ў іншых бібліятэках: турнір знаўцаў «Гісторыя беларускай кніжнасці” (Лунінецкая цэнтральная дзіцячая бібліятэка), гульня-конкурс «Да святыняў з кнігай» (Мікашэвіцкая дзіцячая бібліятэка, Лунінская сельская бібліятэка) і інш.

1 931 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий