Штогод у першую нядзелю верасня Беларусь адзначае Дзень беларускага пісьменства. Гэта свята – увасабленне адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа. Цікавыя пазнавальныя мерапрыемствы да свята падрыхтавалі бібліятэкі ДУК “Лунінецкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма”.
Цэнтральная раённая бібліятэка запрасіла вучняў 9 класаў сярэдняй школы №1 на мерапрыемства “Пісьменства, кнігадрукаванне, мова: гісторыя і шлях”. Пад час мерапрыемства школьнікі даведаліся аб узнікненні пісьменства і кнігадрукавання на Беларусі, пазнаёміліся са славутымі беларускімі першадрукарамі і асветнікамі: Кірылам Тураўскім, Еўфрасінняй Полацкай, Францішкам Скарынай, Сымонам Будным. Таксама вучням быў прадэманстраваны дакументальны фільм аб жыцці і дзейнасці Францыска Скарыны.
Галоўны бібліёграф Інна Бушыла правяла агляд літаратуры па выставе “Ад вытокаў да сучаснасці”, прысвечанай гісторыі беларускага кнігадрукавання.
У дзіцячай бібліятэцы навучэнцаў пачатковых класаў СШ № 1 сустракала бібліятэкар Ніна Самандык у вобразе Францыска Скарыны. Яна распавяла дзецям аб гісторыі ўзнікнення кніг ад гліняных таблічак да сучасных друкаваных, пра тое, хто быў першадрукаром Беларусі. Сваю эрудыцыю і веды ўдзельнікі змаглі прадэманстраваць пад час гульні для знаўцаў беларускай мовы.
Мерапрыемствы рознага фармату адбыліся ва ўсіх установах бібліятэчнай сістэмы. Дзятлавіцкая сельская бібліятэка арганізавала для чытачоў літаратурна-гістарычную гадзіну “Падарожжа да крыніц кнігадрукавання”. Пазнавальнай для наведвальнікаў Лунінскай сельскай бібліятэкі была літаратурная гадзіна “Мова маіх продкаў згаснуць не павінна”. Мерапрыемства “Вітаем кніжку беларускую” падрыхтавала Рэдзігераўская сельская бібліятэка. Ракітненская сельская бібліятэка запрасіла ўсіх ахвотных на прэзентацыю кніжнай выставы “Свята слова і кнігі”.