Дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца цудоўнае свята – Міжнародны дзень  роднай мовы.  Прыгажосць роднай прыроды, гукі роднай мовы, любоў да сваей маленькай радзімы – што можа быць лепей? У гэтым упэўнены юныя шанавальнікі і знаўцы роднай мовы – вучні 7 “А” класа СШ №1. Разам з класным кіраўніком Валянцінай Канапацкай яны наведалі цэнтральную дзіцячую бібліятэку, дзе адправіліся ў цудоўнае падарожжа да краіны Мовазнавіі. Юныя чытачы атрымалі розныя цікаўныя заданні: складалі мазаіку з фрагментаў беларускіх казак, выпраўлялі памылкі ў пераблытаных фразеалагізмах, разгадвалі загадкі і рэбусы, а яшчэ яны трапілі на мовазнаўчую хвілінку “Ведай гісторыю сваей роднай мовы”. Сапраўднымі  чараўнікамі адчувалі сябе хлопчыкі і дзяўчынкі каля дзівоснага дрэва, якое вырасла напярэдадні свята ў дзіцячай бібліятэцы. На галінках Дрэва моўных загадак выраслі не лісточкі і кветачкі, а моўныя заданні, якія прымусілі чытачоў адкрыць у сабе талент даследчыка. Для дапамогі юным мовазнаўцам бібліятэкары падрыхтавалі кніжную выставу да Міжнароднага дня роднай мовы. У ходзе падарожжа юныя чытачы даказалі, што яны сапраўдныя шанавальнікі беларускай мовы і з цікавасцю на ёй размаўляюць.

У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся беларускамоўны дайджэст “Сэрцам роднга слова краніся”. Вядучая мерапрыемства Ірына Навацкая паведаміла вучням аб узнікненні гэтага свята, прапанавала акунуцца ў чароўны свет роднай мовы, паслухаць як яна гучыць у вершах і песнях. Успомнілі вершы Ніла Гілевіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Максіма Танка і іншых беларускіх паэтаў, беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі-жарты, прыкметы, лічылкі. Слухалі беларусскую народную казку “Падарожнікі”. Прысутныя пазнаёміліся таксама з кніжнай выставай “Роднай мове гучаць”.

Шэраг мерапрыемстваў прайшоў і ў іншых бібліятэках раёна.

 

64 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий