Напярэдадні 102-й гадавіны з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка вучні 8 – 9 класаў Любанскай СШ наведалі сельскую бібліятэку, каб здзейсніць літаратурную вандроўку ў “Макаёнаўскую эпоху”. На імпрэзу запрасілі мясцовага краязнаўцу Сцяпана Нефідовіча.
Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з жыццёвай і творчай біярафіяй Андрэя Макаёнка і так званай “Макаёнаўскай эпохай”, якая з’яўляецца адной з самых яскравых старонак беларускай драматургіі. П’есы Макаёнка заўсёды выклікалі цікавасць у гледачоў, яго спектаклі ставіліся больш за 200 тэатрамі СССР і за яго межамі.
Сцяпан Паўлавіч Нефідовіч, выступаючы перад школьнікамі, падзяліўся ўспамінамі пра той час, калі яму асабіста давялося сустракацца і размаўляць з Андрэем Макаёнкам і іншымі беларускімі пісьменнікамі, успамінаў, як А.Макаёнак уважліва назіраў за жыццём вяскоўцаў, пры гэтым рабіў пазнакі для напісання сваіх твораў. Узгадалі той час, калі на сцэне Любанскага ДК артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я.Купалы ставілі п’есы А.Макаёнка “Таблетку пад язык”, “Лявоніха на арбіце”, “Трыбунал”.
У канцы мерапрыемства зрабілі выснову, што сваю гісторыю, у тым ліку літаратурную, трэба памятаць, захоўваць і перадаваць наступнаму пакаленню. У Любанскай сельскай бібліятэцы паслядоўна прытрымліваюцца гэтай думкі. За папулярызацыю творчасці Андрэя Макаёнка бібліятэкар Кацярына Рудзько ўзнагароджана падзякай упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама.