Лунінецкія Каласавіны

З 1 по 5 лістапада 2022 года ў бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшлі Лунінецкія Каласавіны – мерапрыемствы ў гонар класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа, 140-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца ў гэтым годзе.

У Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся літаратурна-музычны вечар “Як песня народа неўміручы наш Колас”. Вядучыя Ірына Навацкая і Таццяна Ванюк распавялі пра жыццёвы і творчы шлях  Якуба Коласа. Падрабязна спыніліся на лунінецкім перыядзе яго жыцця. У 1911 годзе пісьменнік выйшаў з Мінскага астрогу з так званым “воўчым білетам”, які забараняў працаваць у дзяржаўных школах. Былы аднакурснік па Нясвіжскай семінарыі Вінцук Філіповіч запрасіў да сябе ў Лунінец і ўступіў частку сваіх прыватных урокаў. У Лунінцы паэт шмат і плённа пісаў. Тут была распачата праца над паэмай “Сымон-музыка”, напісаны такі класічны твор, як “Нёманаў дар” і яшчэ два апавяданні, у аснове якіх камічныя, а ў першым гучаць нават і драматычныя сітуацыі: “Трывога” і “Недаступны”. Пісаўся ў Лунінцы і трэці раздзел паэмы “Новая зямля”.

Падчас вечара вершы Якуба Коласа гучалі ў выкананні навучэнцаў Лунінецкага дзяржаўнага аграрнага каледжа  Максіма Емельяновіча, Ксеніі Калянковіч, Веранікі Ільіч, Таццяны Купрацэвіч, Яўгена Несцяровіча.

Свае вершы, прысвечаныя беларускаму песняру, прачытала Вера Скіба – бібліятэкар палітэхнічнага каледжа.

Беларускія песні, у тым ліку і на вершы Якуба Коласа, выконваў Сяргей Місікаў.

Удзельнікі літаратурна-музычнага вечара паглядзелі відэафільм “Музей Якуба Коласа” і пазнаёміліся з кніжнай выставай, на якой былі прадстаўлены кнігі пра жыццё і творчасць пісьменніка, яго творы, артыкулы з перыядычных выданняў.

У цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы гурткоўцы з цэнтра дзіцячай творчасці ўдзельнічалі ў пазнавальнай гульні-падарожжы «Па дарозе ў Коласаў край»

У Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы прайшла літаратурна-музычная імпрэза «І бачу пройдзеныя далі…». Удзельнікі падарожнічалі жыццёвымі дарогамі Якуба Коласа, чыталі яго творы, слухалі песні на вершы аўтара. Вялікую цікавасць у прысутных выўваў расповед вядучай аб тым, як Якуб Колас у свой час наведваў Мікашэвічы.

Літаратурная вечарына “Як песня народа неўміручы наш Колас” прайшла ў Лунінскай сельскай бібліятэцы. Вучні Лунінскай сярэдняй школы падрыхтавалі да вечарыны ўласна напісаныя вершы, а таксама вывучылі на памяць вершы Якуба Коласа і прынялі ўдзел у конкурсным чытанні.

Мерапрыемствы да юбілею знакамітага песняра праведзены і ў іншых бібліятэках раённай бібліятэчнай сістэмы. Агляды літаратуры, літаратурныя вечары, кампазіцыі, віктарыны, медыягадзіны, конкурсы мастацкага чытання, гасцёўні, вандроўкі, паэтычныя калейдаскопы – у розных формах бібліятэкары даносяць да сваіх чытачоў творчасць вялікага беларускага песняра.

Літаратурна-паэтычная вечарына «Нам засталася спадчына» (Дрэбская бібліятэка-клуб), вечар-партрэт «Маіх радкоў няма без Беларусі» (Кажан-Гарадоцкая бібліятэка-клуб), адкрыты прагляд літаратуры «Усё жыве і душу мае» (Рэдзігераўская сельская бібліятэка)
Літаратурна-паэтычныя вечары ў Любанскай, Сінкевіцкай, Ракітнянскай сельскіх бібліятэках
Гадзіна мастацкага чытання «Чытаем вершы Я.Коласа» ў Бастынскай сельскай бібліятэцы
148 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий