8 ліпеня ў Баранавічскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыліся II Навамышскія навукова-краязнаўнаўчыя чытанні «Неўміручая спадчына — Купала і Колас», у якіх прынялі ўдзел і прадстаўнікі Лунінецкага раёна.
Васіль Мікалаевіч Туміловіч, вядомы на Лунінеччыне краязнаўца і удзельнік Лунінецкага краязнаўчага таварыства пры Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы (на верхнім фота першы справа), распавёў пра свае пошукі і адкрыццё асобы пісьменніцы Соф’і Прорвіч, а таксама аб тым, што яе звязвала з Якубам Коласам. Загадчык Мікашэвіцкай гарадской бібліятэкі і таксама ўдзельнік Лунінецкага краязнаўчага таварыства Аксана Уладзіміраўна Маркевіч прадставіла прысутным паведамленне аб знаходжанні на Лунінеччыне Якуба Коласа — у Лунінцы, Мікашэвічах і Сенкевічах.
Цікавымі звесткамі з жыцця Янкі Купалы падзяліліся ўдзельнікі мерапрыемства з другіх раёнаў Брэсцкай вобласці і горада Мінска.
Другая частка краязнаўчых чытанняў была менш афіцыйнай, але вельмі шчырай і лірычнай. Каля ўпрыгожанай сцэны на свежым паветры пад высокімі ліпамі вельмі сімвалічна і пранікнёна гучалі вершы класікаў беларускай літаратуры ў выкананні малодшага пакалення чытачоў бібліятэк Баранавічскага раёна.
Потым слова прадставілі гасцям з Лунінеччыны — удзельніку клуба «Паэтычная глыбінка» пры Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы Алене Адамаўне Кудач, якая прачытала вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя Якубу Коласу і Янку Купалу, і Анастасіі Ананьеўне Пратасавіцкай, удзельніку клуба «Літаратурная правінцыя» пры Лунінецкай цэнтральнай бібліятэцы, якая прачытала свой верш, прысвечаны, Якубу Коласу і спела сваю песню, прысвечаную роднай зямлі.
Трэцяя частка мерапрыемства была музычная — таленавітыя самадзейныя артысты спявалі шчырыя беларускія песні, якім падпявалі ўсё без выключэння — і госці, і ўдзельнікі, і гледачы. Атрымалася сапраўднае свята беларускай паэзіі, слова, музыкі, на якое з добрай усмешкай паглядалі з партрэтаў вялікія беларускія песняры — юбіляры Янка Купала і Якуб Колас.
Тэкст і фота А. Маркевіч