Свята беларускай кнігі

16 лістарада 2021 года ў Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы прайшло свята беларускай кнігі «Аб той зямлі, дзе нарадзіўся».

Вядучая мерапрыемства Аксана Маркевіч зазначыла, што ў апошнім месяцы восені нарадзіўся цэлы шэраг беларускіх пісьменнікаў, і ў творчасці кожнага з іх важнае месца займала тэма любові да роднага краю, зямлі, дзе нарадзіўся і зрабіў першыя крокі.

А далей удзельнікі  разам з вядучай падарожнічалі па жыццёвых  і творчых  сцежках лістападаўскіх аўтараў, пачаўшы, безумоўна, з Якуба Коласа. 3 якой любоўю і замілаваннем апісвае ён родную зямлю! Полю і лугу ўдзячны пясняр за той цудоўны скарб, што выспеў у яго душы, які сам аддае людзям “як доўг, як дар”. Пясняр — своеасаблівы пасрэднік паміж прыродай і народам. Цікавасць у прысутных выклікаў той факт, што Якуб Колас нават на сваёй гарадской сядзібе (у двары сучаснай Нацыянальнай акадэміі навук) сеяў жыта, меў пуньку з сенам, дзе ў цёплую пару любіў заначаваць…

Потым гаворка ішла аб творчасці і трагічных лёсах Міхася Чарота, 125-годдзе каторага адзначалася 7 лістапада, і Міхася Зарэцкага, яго 120-годдзе будзе адзначана 20 лістапада. Таленавітыя аўтары, нажаль, рана пайшлі з жыцця, маглі б шмат яшчэ напісаць, але, тыя творы, што засталіся пасля іх, па праву займаюць сваё месца ў гісторыі беларускай літаратуры.

А яшчэ ўспаміналі  Уладзіміра Караткевіча, Яўгенію Янішчыц, Міхася Лынькова, Вячаслава Адамчыка, Максіма Лужаніна — усе аўтары па-свойму розныя, але іх аб’ядноўвае бязмежная любоў да роднай зямлі. У гэтым можна было пераканацца, калі гучалі іх творы ў выкананні Вольгі Шэляговіч, Акцябрыны Варанцовай, Алены Кудач, Алы Пуляк, Кацярыны Аўраменка, Ганны Коркаш, Галіны Курак, Валянціны Лукашэвіч, Тамары Саламаха і Аксаны Маркевіч.

Тэкст і фота А.Маркевіч

444 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий