22 жніўня 2019 г. у чытальнай зале Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася сустрэча сяброў клуба “Літаратурная правінцыя”, аматараў роднай мовы і літаратуры з беларускай пісьменніцай і паэткай Аксанай Спрынчан.
Гэта далёка не першая сустрэча вядомай пісьменніцы з лунінецкімі чытачамі. Аксана, ураджэнка Лунінца, штогод на свой дзень нараджэння наведвае малую Радзіму. Госцю прадставіў журналіст і літаратар Вадзім Жылко. Ён таксама паведаміў аб апошніх выданнях лунінецкіх літаратараў і краязнаўцаў. Адно з выданняў — альманах “Лунінецкая муза”, змяшчае творы Альжбэты Малішэўскай-Спрынчан, 12-гадовай дачкі Аксаны, якая таксама прысутнічала на сустрэчы. Пісьменніца распавяла пра сваю творчасць, пра сустрэчы на Лунінеччыне. Прадставіла свае творы і Альжбэта. Дзяўчынка размаўляе на чатырох мовах (беларускай, рускай, украінскай і англійскай), вывучае польскую. Аксана Спрынчан паднесла ў дар бібліятэцы дзве свае кнігі : “Дзіцячы атлас Беларусі” і “Параходзік сучаснасці”, а клубу “Літаратурная правінцыя” пісьменніца падарыла кнігі і часопісы, дзе надрукаваны яе творы.
Затым слова ўзялі сябры клуба “Літаратурная правінцыя”, што працуе пры бібліятэцы. Яны чыталі свае творы, віншавалі Аксану з днём нараджэння. Галіна Абрамчук падарыла імянінніцы вялізны букет гладыёлусаў , а Альжбэце – вырабы ручной работы: ляльку і жабку. Валянціна Трухнова і Сцяпан Нефідовіч прэзентавалі дары са свайго агароду. Як вядома, Аксана Спрынчан ўжо доўгія гады калекцыянуе сувеніры і прадметы ў выглядзе жабак. А ў апошні час яна яшчэ пачала збіраць буслоў, а таксама рушнікі і радзюшкі ў нацыянальным стылі. Супрацоўнікі бібліятэкі павіншавалі Аксану з надыходзячым днём нараджэння і падарылі ёй жабку з кветкамі. На заканчэнне ўдзельнікі сустрэчы мелі магчымасць узяць аўтограф і сфатаграфавацца з гасцямі.
Фота Віктара Пінігіна