У першыя дні верасня ў бібліятэках раёна прайшлі мерапрыемствы з нагоды Дня беларускага пісьменства і Дня ведаў. 2017 год – гэта год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, таму святочны настрой у бібліятэках пануе ўвесь год.
Бібліятэкары праводзяць адкрытыя прагляды літаратуры, літаратурныя чытанні, дні роднай мовы, святы кнігі, урокі гісторыі і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя гісторыі беларускага кнігадрукавання. А яшчэ з пачатку года ў дзяржаўнай установе культуры "Лунінецкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма" была аб’яўлена акцыя-конкурс "Чалавек прыдумаў кнігу". Яна праводзілася ў дзвюх намінацыях: літаратурны конкурс (сачыненні, вершы, апавяданні, казкі, эсэ і г.д.) і конкурс выяўленчага мастацтва (малюнак, пано, калаж, вырабы hand-made). 1 верасня ў цэнтральный раённай бібліятэцы прайшоў літаратурны форум “І вечным застаецца слова”, які і падвёў вынікі конкурсу.
Бібліятэка аб’яднала вакол сябе самых розных творцаў. Адбыліся прэзентацыі работ Вадзіма Жылко і Сцяпана Нефідовіча, п’есы “Біблія навучае і аб’ядноўвае” Мікалая Ільючыка. Таццяна Канапацкая вельмі цікава прадставіла выставу “Славім родную зямлю”, правёўшы паралель паміж літаратарамі Лунінца і горада-пабраціма Палесска Калінінградскай вобласці Расіі. Маладыя артысты гуртка мастацкага слова Язвінскага СДК разам с кіраўніком Галінай Абрамчук агучылі прадстаўлены на конкурс твор літаратурнай пастаноўкай “Святло чароўнага ліхтарыка”, а аб’яднанне “Асновы праваслаўнай культуры” (кіраўнік Ірына Раманчук) — літаратурнай пастаноўкай “Са славутага Полацка родам”. Таленавітая дзяўчанка Ксенія Андрайчук прачытала свой верш “Храните слово”.
Свае працы на конкурс выяўленчага мастацтва прадставілі Алена Зінюк, Юлія Брэзіна і Мікашэвіцкая гарадская бібліятэка (загадчык Аксана Маркевіч).
Фінал конкурсу “Чалавек прыдумаў кнігу” атрымаўся цікавым і захапляльным. Усе былі ўзнагароджаны сувенірамі і граматамі ДУК "Лунінецкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма". Дарэчы, школьнікам, якія прынялі ўдзел у акцыі ад газеты “Інформ-прагулка” былі ўручаны прызы ад “ІП”.
На літаратурным форуме бібліятэкары Ірына Навацкая і Наталля Кіпцэвіч распавялі прысутным пра жыццё і дзейнасць беларускага першадрукара і асветніка Францыска Скарыны, Таццяна Лазько зрабіла агляд тэматычнай выставы з факсімільнымі выданнямі кніг Скарыны і іншымі цікавымі і рэдкімі кнігамі. Аздобілі вечарыну беларускія песні ў выкананні Сяргея Місікава, Максіма Перапёлкіна і Леаніда Яраховіча.