80-годдзе Лунінецкага раёна

У бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшлі мерапрыемствы і аформлены кніжныя выставы, на якіх прадстаўлена літаратура пра гісторыю і сённяшні  дзень Лунінеччыны, прысвечаныя 80-годдзю ўтварэння Лунінецкага раёна.

14 студзеня ў цэнтральнай бібліятэцы адбыўся гістарычны экскурс «Лунінеччына: гісторыя і сучаснасць». Бібліятэкары пазнаёмілі прысутных з гістарычнымі падзеямі, што адбыліся 15 студзеня 1940 года, калі быў утвораны Луннінецкі раён, прадставілі кнігі на гэтую тэму. Затым быў прадэманстраваны відэафільм «Лунінец: мінулае і сучаснасць». Мерапрыемства праходзіла ў рамках пасяджэння клуба «Літаратурная правінцыя». Члены клуба чыталі вершы, гучалі песні аб Лунінеччыне. Другая частка пасяджэння была прысвечана прэзентацыі кнігі Сцяпана Нефідовіча «Кроплі вячэрняй расы».

18 студзеня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылося пасяджэнне Краязнаўчага таварыства. Яно таксама было прысвечана 80-годдзю Лунінецкага раёна. Але, вядома, гаворка на пасяджэнніі ішла не толькі пра юбілей.

Кіраўнік таварыства Вадзім Жылко правёў агляд чарговых публікацый мясцовых даследчыкаў, прадставіў новы зборнік “Краязнаўчымі шляхамі Лунінеччыны-2”, які выдала бібліятэка і праінфармаваў пра планы таварыства на 2020 год. Бібліятэкар СШ №1 г.Мікашэвічы Лілія Віўдзенка паведаміла пра тое, як стваралася даследаванне пра мікашэвіцкага святара Стэфана Самуйліка, як быў выдадзены краязнаўчы буклет да 235-годдзя Мікашэвічаў і сабраны матэрыялы да 50-годдзя школы. Бібліятэкар Сінкевіцкай СШ Людміла Гоза распавяла пра краязнаўчую дзейнасць настаўнікаў і вучняў гэтай школы, а таксама прадставіла фільмы, знятыя па яе ініцыятыве, — пра праваслаўную пісьменніцу Соф’ю Прорвіч і пра гісторыю царквы ў в.Мокрава.

Злева направа: Людміла Гоза, Васіль Туміловіч, Лілія Віўдзенка

Выкладчыца палітэхнічнага каледжа Галіна Антановіч прэзентавала фільм пра праваслаўныя храмы Лунінеччыны, зняты яе калегамі. Настаўніца СШ №2 г.Лунінца Дзіяна Сладзінская і яе вучань Ягор Скрыбка прадставілі цікавую работу “Гісторыя края ў археалагічных помніках і знаходках”, што заняла другое месца на раённым конкурсе. Дырэктар Лахвенскай СШ Аляксандр Яраховіч закрануў як археалагічную тэму, так і праблему захоўвання помнікаў гісторыі і культуры, найперш у Лахве. Пра свае даследаванні апошняга часу паведамілі вядомыя краязнаўцы Сцяпан Нефідовіч і Васіль Туміловіч.

Дзіяна Сладзінская і Ягор Скрыбка прадстаўляюць свае даследаванне

Удзельнікаў пасяджэння павітаў з Мінска па тэлефоне вядомы краязнаўца, аўтар шматлікіх публікацый пра Лунінеччыну Леў Коласаў. Лілія Віўдзенка і Людміла Гоза былі прыняты ў Лунінецкае краязнаўчае таварыства.

50 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий