Духоўна-культурная сустрэча

29 жніўня ў Лунінецкім раёне адбылася міжнародная духоўна-культурная сустрэча “Палессе і Падляшша разам”.  Частка мерапрыемстваў прайшла ў цэнтральнай бібліятэцы. Пасля прывітальнага слова дырэктара бібліятэчнай сістэмы Алены Кішкевіч слова ўзяў праваслаўны публіцыст, гісторык, фалькларыст з Польшчы Дарафей Фіонік. Ён распавёў пра культурныя зносіны беларускага Палесся і польскага Падляшша, прадставіў свае выданні, а таксама расказаў пра іншыя кнігі, часопісы і дыскі з фондаў Музея малой радзімы ў Студзіводах (прадмесце горада Бельск-Падляшскі Падляшскага ваяводства Рэспублікі Польшча), старшынёй якога ён з’яўляецца. У прыватнасці была прадстаўлена манаграфія  Аляксандра Ільіна (г.Пінск) пра Спаса-Праабражэнскі Новапячэрскі манастыр у Дзятлавічах , апублікаваная ў апошнім нумары краязнаўча-культурнага зборніка “Бельскі гостшнэць”. Затым выступіў сам аўтар Аляксандр Ільін, які падрабязней спыніўся на гісторыі напісання манаграфіі. Тэму працягнуў лунінецкі краязнаўца, журналіст Вадзім Жылко. З яго выступу прысутныя даведаліся пра публікацыі лунінецкіх краязнаўцаў у серыях “Лунінецкі сшытак”, “Лунінецкая муза”, супрацоўніцтва ў выдавецкай дзейнасці з цэнтральнай бібліятэкай. Пра свае краязнаўчыя даследаванні, у тым ліку праваслаўнага накірунку, распавёў яшчэ адзін лунінецкі краязнаўца – Васіль Туміловіч. На сустрэчы прысутнічалі  настаяцель храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” (Лунінец) протаіерэй Сергій Крышталь і настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца (в. Кажан-Гарадок) протаіерэй Дзімітрый Грыб.


  

Цэнтральнай бібліятэцы, лунінецкім краязнаўцам, прадстаўнікам праваслаўнага духавенства, а таксама сям’і Брэзіных з Дзятлавічаў, якая з’яўляецца адным з арганізатараў духоўна-культурнай сустрэчы, спадар Дарафей Фіонік падарыў падборкі літаратуры. Ад бібліятэкі госці таксама атрымалі кнігу “Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Лунінецкага раёна” і выданні на праваслаўныя тэмы.

Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы і сабрала тых, хто цікавіцца гісторыяй, праваслаўным краязнаўствам, этнаграфіяй, фальклорам. Напрыканцы самабытнымі падляшскімі і палескімі спевамі і танцамі прысутных радаваў фальклорны калектыў “Жэмэрва”. З вялікім задавальненнем усе слухалі песні, сярод якіх былі і падобныя на тыя, што спявалі іх продкі, і ніколі раней не чутыя.

211 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий