Дзень беларускага пісьменства-2021

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які ў гэтым годзе адзначаецца 5 верасня, у бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшлі гістарычныя гадзіны, літаратурныя падарожжы, асветніцкія ўрокі і іншыя мерапрыемствы.

3 верасня вучні 9 “А” класа Лунінецкай СШ №1 з класным кіраўніком Аксанай Захаркевіч, а 4 верасня вучні 8 классаў з настаўнікамі Марынай Арашкевіч і Наталлей Арэхва наведалі цэнтральную раённую бібліятэку. 3 верасня разам з галоўным бібліятэкарам Наталлей Кіпцэвіч, а 4 верасня разам з бібліятэкарам Аленай Кацуба школьнікі адправіліся ў літаратурнае падарожжа «У мове – гісторыя краіны». Вядучыя пазнаёмілі іх са старонкамі жыцця і дзейнасці беларускіх асветнікаў Кірылы Тураўскага, Еўфрасінні Полацкай, Сымона Буднага, Францыска Скарыны, расказалі аб іх ролі ў культурна-асветніцкім жыцці ўсходняга славянства.

Прысутныя паглядзелі дакументальныя фільмы пра жыццё і творчасць Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны. «А ці ведаеце вы?» — пад такой назвай прайшла віктарына па гісторыі беларускага пісьменства. Бібліятэкары рэкамендавалі прысутным прачытаць цікавыя кнігі, прысвечаныя першым беларускім асветнікам, гуманістам і друкарам, прадстаўленыя на кніжнай выставе «У вытокаў пісьменства».

У літаратурнае падарожжа да Дня беларускага пісьменства “Дарогі ведаў і духоўнасці” прапанавалі адправіцца сваім чытачам бібліятэкары Мікашэвіцкай дзіцячай бібліятэкі. З дапамогай конкурса “Пісьмовыя крыніцы” ўдзельнікі мерапрыемства – вучні 5 “В” класа Мікашэвіцкай СШ №2 (класны кіраўнік Ірына Каховіч) – здзейснілі падарожжа ў гісторыю беларускага пісьменства. У конкурсе “Моўная скарбонка” дзеці прадэманстравалі добрыя веды беларускіх прымавак, пагулялі ў перакладчыкаў, уявілі сябе друкарамі ў конкурсе “У друкарні”.

Вялікую цікавасць выклікаў конкурс “У каралеўстве крывых люстэркаў”, куды трапілі прозвішчы і імёны вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Як вядома, у гэтым каралеўстве ўсё рабілася наадварот, а тут яшчэ і літары пераблыталіся! Напрыкацы мерапрыемства бібліятэкары праванавалі разгадаць крыжаванку па беларускім народным казкам, і калі крыжаванка была разгадана, у выдзеленых клетках атрымалася слова “малайцы”. “Малайцы і нашы ўдзельнікі!” – гаворыць бібліятэкар Марына Ярмоліч, якая правяла гэтае літаратурнае падарожжа. Бібліятэкары Мікашэвіцкай дзіцячай бібліятэкі выказалі спадзяванне, што падорожжа дапамагло далучыцца да скарбніцы беларускай мовы і лепш зразумець яе прыгажосць і мілагучнасць.

Мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства прайшлі і ў іншых бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

192 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий