Дарога да святыняў

2 верасня Лунінецкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма прыняла ўдзел у правядзенні на тэрыторыі Лунінецкага раёна навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў», прымеркаванай да Дня беларускага пісьменства.

Удзельнікі экспедыцыі – святары Беларускай праваслаўнай царквы, вядомыя дзеячы навукі, культуры і мастацтва, — нясуць Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй і Загорскі-Сталовіцкую ікону Пакрова Прасвятой Багародзіцы па гарадах і сёлах Беларусі. Канчатковым пунктам экспедыцыі стане Капыль – сталіца Дня беларускага пісьменства гэтага года. На сваім шляху ўдзельнікі экспедыцыі наведваюць храмы, навучальныя ўстановы, дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты, дамы састарэлых, бібліятэкі, музеі, дзе праводзяць духоўна-асветніцкія сустрэчы.

У Лунінецкім раёне ўдзельнікаў экспедыцыі сустракалі ў аграгарадку Лунін. У храме святых Барыса і Глеба прайшло набажэнства. Удзельнікі асноўнай групы экспедыцыі ўсклалі кветкі да Брацкай магілы савецкіх воінаў, правялі духоўна-асветніцкую канферэнцыю ў ДУА «Лунінская яслі-сад-сярэдняя школа», наведалі школьны музей. Мабільныя асветніцкія групы экспедыцыі пабывалі ў Сацыяльна-педагагічным цэнтры Лунінецкага раёна, размешчаным у аграгарадку Вулька 1, у Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі г. Лунінца, прайшлі хросным ходам разам з жыхарамі аграгарадка Бастынь і пабывалі ў храме Святой Вялікапакутніцы Параскевы (аг. Бастынь).

Затым экспедыцыя прыбыла ў Кажан-Гарадок і даставіла Жыватворны агонь у храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца. У Кажан-Гарадоцкай сельскай бібліятэцы-клубе гасцей сустракаў народны фальклорны калектыў “Надзея”.

Тут адбылася духоўна-асветніцкая канферэнцыя «Дарога да святыняў». У канферэнцыі прыняў удзел краязнаўца з Кажан-Гарадка Васіль Туміловіч. Сярод выступоўцаў – паэт і перакладчык Вадзім Спрынчан, жыццё і творчасць якога звязаны з Лунінеччынай (на фота — першы злева).

Удзельнікі канферэнцыі пазнаёміліся з кніжнай выставай, падрыхтаванай пры дапамозе Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Далей шлях навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» ляжыць у аграгарадок Гоцк Салігорскага раёна.

160 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий