Дзень роднай мовы

У бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшлі мерапрыемствы, накіраваныя на захаванне і папулярызацыю беларускай мовы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.

Мовазнаўчыя дні  пад назвай #МоваГэтаСтылёва прайшлі ў Лунінецкай цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы (на верхнім фота). На моўную пляцовачку пад назвай “Шчырая, лагодная, мова наша родная” завіталі маленькія беларусы — выхаванцы групы падоўжанага дня СШ №1. Яны з задавальненнем праслухалі і паглядзелі павучальную казку “Рукавічка”, затым “пагулялі” па беларускаму слоўніку – самастойна перакладалі цікавыя словы з рускай мовы, зазірнулі у куфэрачак, дзе схаваліся “школьныя” словы.  Вучні з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсах: “Размінка”, “Лесвіца”, “Чужое слова”, “Хто больш”, “Эрудыт”, “Адным словам”, “Перакладчыкі”. Ім неабходна было палічыць колькасць гукаў і літар ў словах; аднавіць словы, у якіх згубіліся першыя склады. Бібліятэкар Ірыны Аляшкевіч распавяла аб новых кнігах беларускіх пісьменнікаў, якія паступілі ў бібліятэку.

 «Загадку адгадаць – галавой папрацаваць» — такая мовазнаўчая баталія ў рамках мовазнаўчага дня #МоваГэтаСтылёва» прайшла ў Школе англійскай мовы цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі. Бібліятэкар Ірына Рыхцер прапанавала сваім навучэнцам паспаборнічаць у мовазнаўчым турніры.  Спачатку бібліятэкар правяла гутарку-знаёмства аб жанры вуснай народнай творчасці – загадкі, потым прысутныя адгадвалі загадкі аб навакольным свеце, з’явах прыроды, птушках і інш. Пытанні задаваліся на англійскай мове, а адказы гучалі па-беларуску.

 У Мікашэвічскую дзіцячую бібліятэку прыйшлі вучні 5 Б класа СШ№1 пад кіраўніцтвам Ніны Васільеўны Бакуновіч, каб правесці цікава час на турніры знаўцаў “З роднай мовай на “ты”. Падчас мерапрыемства удзельнікі чыталі вершы пра родную мову, разгадвалі загадкі, складалі прыказкі і прымаўкі, тлумачылі фразеалагізмы, успаміналі народныя святы, з цікавасцю гулялі ў гульню “Перакладчык роднай мовы”.

Вучні з захапленнем выконвалі ўсе прапанаваныя заданні. Завяршылася мерапрыемства аглядам літаратуры з выставы-зварота “Адкрый для сябе беларускую кнігу”.

У Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла моўная хвіліна «Не проста ў словы я гуляю, на роднай мове размаўляю», якую для вучняў 9 класа правялі бібліятэкар Ірына Навацкая і галоўны бібліятэкар Наталля Кіпцэвіч. Школьнікі з задавальненнем разгадвалі моўныя загадкі, чыталі вершы пра родную мову Янкі Купалы, Анатоля Грачанікава, Рыгора Барадуліна, Алеся Бачылы, Пімена Панчанкі, знаёміліся з кніжнай выставай «Роднай мове гучаць».

Дзень роднай мовы адзначылі ў сельскіх бібліятэках раёна:

Літаратурны вечар «Багата ты, родная мова…» у Вялікачучавіцкай сельскай бібліятэцы і конкурс чытальнікаў у Лобчанская сельскай бібліятэцы
Гульня-віктарына «Мілагучнае роднае слова» ў Цнянскай сельскай бібліятэцы і гадзіна паэзіі «Мову матчыну шануйце» ў Дрэбскай бібліятэцы-клубе
Акцыя «Чытаем па-беларуску» ў Міжлесскай сельскай бібліятэцы. Вершы пра беларускую мову гучаць у Лунінскай сельскай біблітэцы ў выкананні Крысціны Герасімовіч

Дзень роднай мовы прайшоў не толькі цікава, але і пазнавальна!

564 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий