Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшлі мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю і захаванне беларускай мовы. 

У цэнтральнай раённай бібліятэцы на працягу дня былі арганізаваны моўныя хвіліны “Не проста ў словы я гуляю, на роднай мове размаўляю”. Наведвальнікам бібліятэкі прапаноўвалі адгадаць белаларускія загадкі, патлумачыць значэнне рэдкіх беларускіх слоў, прыгадаць беларускія прыказкі і прымаўкі.

Цэнтральная дзіцячач бібліятэка запрасіла вучняў 7 В класса СШ №1 г. Лунінца на інтэрактыўную лінгвагульню “І прыгожа льецца на прасторы слова беларускай мовы”. Дзеці ўдзельнічалі ў шматлікіх граматычных і лінгвістычных конкурсах, складалі прыказкі, разгадвалі загадкі-жарты. У фінальным конкурсе “Мовазнаўчыя яблычкі” сустрэліся Якаў Швед і Ліза Албул. Пераможцам конкурсу і ўсяго турніру стаў Якаў Швед (на фота злева).

У Мікашэвіцкай гарадской бібліятэцы да Дня роднай мовы прайшла інфармацыйна-пазнавальная гадзіна «Падарожжа ў роднае слова». Удзельнікі – вучні 11 Б класа сярэдняй школы № 2, разам з бібліятэкарам Марыяй Хатынюк здзейснілі падарожжа ад тых часоў, калі мова толькі зараджалася, да сучаснасці. На іх шляху ўзнікалі выпрабаванні ў выглядзе розных конкурсаў («Адгадай лічэбнік», «Рэбусы», «Дапішы прыказку», «Эрудыты» і інш.), але героі падарожжа выйшлі з іх пераможцамі, паказаўшы сябе добрымі знаўцамі роднага слова.

«Любіць сваё – зусім не значыць чужое ганіць, адмаўляць» — такімі радкамі распачалася літаратурная гадзіна, прымеркаваная да Міжнароднага дня  роднай мовы, у Любанскай сельскай бібліятэцы (галоўнае фота) . Вучні 3 – 5 класаў Любанскай СШ удзельнічалі ў віктарынах “Прыказкі і прымаўкі”, “Падумай і адкажы” – былі прапанаваны загадкі-жарты і сур’ёзныя пытанні па старонках мінулага і сучаснага беларускай мовы. Не забыліся ўспомніць пра тое, які цяжкі шлях прайшла беларуская мова, каб яе прызналі як роўную сярод іншых моў. Прыгадалі словы Ф.Багушэвіча: “Мова – гэта “адзежа” душы”.

Мерапрыемствы да Дня роднай мовы прайшлі і ў іншых бібліятэках раёна. Дык няхай душа беларускага народа апранецца ў сваё адзенне, сатканае з прыгожай, звонкай беларускай мовы!

90 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий