Новая кніга на бібліятэчнай паліцы

У фонд Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі паступіла новая кніга –  “Атлантыда палескай гісторыі Аляксандра Ільіна”. Кніга прысвечана вядомаму гісторыку і краязнаўцу Аляксандру Львовічу Ільіну (1956 – 2020).

Складальнікам кнігі з’яўляецца ўдава  Аляксандра Львовіча паэтка і культаролаг Алена Ігнацюк, дзякуючы якой кніга і з’явілася ў лунінецкай бібліятэцы. Аляксандр Ільін – кандыдат навук, выкладаў матэматыку ў шэрагу ўніверсітэтаў. Нарадзіўся ва Украіне, але большую частку жыцця правёў у Беларусі, у апошнія гады жыў і працаваў у Пінску. Матэматык па спецыяльнасці, Аляксандр Львовіч усё жыццё займаўся гістарычнымі даследаваннямі, надрукаваў мноства кніг і артыкулаў, звязаных з гісторыяй Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы. Займаўся ў тым ліку і лунінецкай гістарычнай тэматакай, даследаваў гісторыю Дзятлавіцкага манастыра, пісаў пра творчых асоб, звязаных з  Лунінеччынай.

Большая частка кнігі — гэта артыкулы і фрагменты даследаванняў Аляксандра Ільіна, яго перапіска з вядомымі навукоўцамі і літаратарамі розных краін. У першай частцы выдання змешчаны ўспаміны пра А. Ільіна вядомых навукоўцаў, літаратараў, краязнаўцаў. Сярод іншых –  артыкулы лунінецкіх краязнаўцаў.

Аляксандр Ільін быў сябрам Лунінецкага краязнаўчага таварыства, што працуе пры Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Ён не аднойчы наведваў бібліятэку, удзельнічаў у Лунінецкіх краязнаўчых чытаннях,  друкаваўся ў лунінецкіх выданнях. Адну з яго брашур – “Аўген Бартуль – беларускі паэт і старшыня Лунінецкага гарадскога суда” –  выдала  Лунінецкая цэнтральная бібліятэка.

Кніга “Атлантыда палескай гісторыі Аляксандра Ільіна” зойме пачэснае месца на кніжнай паліцы Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

80 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий