30 чэрвеня 2018 года пайшоў з жыцця лунінецкі літаратар, член клуба “Літаратурная правінцыя” цэнтральнай раённай бібліятэкі, аўтар шэрагу вершаў, апавяданняў, гумарэсак, дакументальных нарысаў Максім Міхайлавіч Казун.
Максім Казун нарадзіўся 5 мая 1952 года ў вёсцы Вічын. Друкаваўся ў мясцовай прэсе, у часопісах “Работніца і сялянка”, “Вожык”, “Першацвет”, “Советский воин”, “Крыніца”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Сельская газета”, “Во славу Родины”, “Железнодорожник Белоруссии”, “Заря”, “Народная трыбуна” і іншых. У сваіх творах услаўляў родную Лунінеччыну і сталёвую магістраль, на якой працаваў амаль усё жыццё.
Супрацоўнікі Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, сябры клуба «Літаратурная правінцыя» глыбока смуткуюць з нагоды заўчаснай смерці Максіма Міхайлавіча і выказваюць спачуванне яго родным і блізкім.
Валянціна Трухнова прысвяціла свайму калеге па творчасці наступныя вершаваныя радкі:
Пайшоў цудоўны чалавек,
У небыццё пайшоў. Навек
Пакінуўшы вялікі след
І свой нязгасны запавет.
“Вучыся, кожны дзень вучыся!”-
Так пры жыцці нам гаварыў,
І вельмі гэтым ганарыўся,
Бо так настаўнік навучыў.
Вучыўся сам ён быць вясёлым
І, вось з такімі сябраваў.
Ён на Палессі стаў вядомым:
Якія байкі ён пісаў!
Зайздросціў вельмі ён вясёлым,
Сяброўства з гумарам вадзіў.
Любіў палі, лясы.. дубровам
Аб гэтым вершам гаварыў.
І не зайздросціў больш нікому
(Салодкім не было жыццё).
Зямлю сваю любіў да скону-
Такім сыйшоў у небыццё…
А мудры запавет нам свеціць:
“Пакіньце след свой на зямлі,
Каб добрым словам нашы дзеці,
Нашчадкі ўспамінаць маглі!”
1 ліпеня 2018 года.