У пачатку верасня ў бібліятэках Лунінецкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы шматлюдна. З 1 па 7 верасня тут праходзіць Тыдзень беларускай кнігі, прысвечаны Дню беларускага пісьменства і Дню ведаў.
У бібліятэках праводзяцца разнастайныя выставы і агляды літаратуры, гістарычныя гадзіны, літаратурныя вандроўкі і іншыя мерапрыемствы. У цэнтральнай раённай бібліятэцы арганізавалі літаратурнае свята “Храм ведаў, скарбы мудрасці”. У праграме свята: агляд факсімільных выданняў рэдкіх кніг, літаратурна-музычная кампазіцыя, гадзіна асветы “Светачы зямлі беларускай”, прагляд фільма “500 год беларускага кнігадрукавання”.
Цэнтральная дзіцячая бібліятэка прапанавала гульнявую праграму “Прыгоды чароўнага чамаданчыка ведаў” і гадзіну гістарычнай памяці “Ведайце сваіх асветнікаў”.
Як заўсёды, цікава і займальна праходзяць мерапрыемствы ў бібліятэках Мікашэвічаў. У гарадской бібліятэцы адбылося свята беларускай кнігі “Перазвон часу”. Удзельнікі разам з вядучай прайшлі этапы развіцця беларускага пісьменства ад яго ўзнікнення да сучасасці. На дне цяперашнім прыпыніліся больш падрабязна. Паколькі працягваецца Год малой радзімы, то завочнымі гасцямі свята сталі аўтары, чый лёс тым ці іншым чынам звязаны з Лунінеччынай. Некаторыя з іх ужо наведвалі бібліятэку, другіх мікашэвіцкія чытачы спадзяюцца абавязкова пабачыць у будучым, а некаторых, на жаль, ужо можна толькі ўспамінаць. Вядучая спярша знаёміла прысутных з біяграфіяй знакамітых землякоў, а потым гучалі іх творы, прадстаўленыя на кніжнай выставе «А напачатку было слова». Некалькі сваіх новых вершаў прадставіла ўдзельніца клуба «Паэтычная глыбінка» Кацярына Котава. Прайшла тэматычная віктарына і конкурс знаўцаў беларускага слова. Ад дарослых не адстаюць і юныя чытачы.У дзіцячай бібліятэцы горада Мікашэвічы рыхтуюцца да літаратурна-музычнага свята “Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць”, якое пройдзе 6 верасня.
У шэрагу сельскіх бібліятэк таксама прайшлі ці яшчэ пройдуць мерапрыемствы, на якіх бібліятэкары расказваюць сваім чытачам пра гісторыю ўзнікнення кнігі, выдатных асветнікаў беларускай зямлі, знаёмяць з новымі цікавымі выданнямі: гістарычны экскурс “Падарожжа да вытокаў кнігадрукавання” (Лунінская сельская бібліятэка), літаратурная гульня “Азбука, я цябе ведаю” (Міжлесская с.б.), эрудыт-конкурс “Па хвалях ведаў (Вулькаўская-2 с.б.), дзень адчыненых дзвярэй “Для вас, ребятишки, новые книжки” (Рэдзігераўская с.б.), літаратурныя чытанні “Шануйце роднае слова” (Кажан-Гарадоцкая сельская бібліятэка-клуб) і інш.