У духоўна-асветніцкім цэнтры «Вытокі»

14 чэрвеня ў духоўна-асветніцкім цэнтры «Вытокі» Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася літаратурная гасцёўня «На Беларусі Бог жыве». Мерапрыемства было прысвечана хрысціянскім матывам у беларускай паэзіі.

Вядучая – галоўны бібліятэкар Ірына Навацкая, распавяла пра ролю рэлігіі і веры ў жыцці і творчасці знакамітых беларускіх паэтаў. Максім Багдановіч, напрыклад, імкнуўся сваёй творчасцю выхоўваць нацыянальную самасвядомасць, каб праз яе больш актыўна і творча ўспрымаць агульначалавечыя ідэалы. Цікава інтэрпрэтуе ён міф аб будаўніцтве Вавілонскай вежы (казка «Вежа міру»), аб Канцы свету (імпрэсія «Калейдаскоп жыцця»), аб Вавілонскім палоне. Глыбокая вера ў ачышчальную моц універсальных хрысціянскіх ісцін аб’ядноўвае паэзію Янкі Купалы і Рыгора Барадуліна. Шматлікія унікальныя постаці, якія з’явіліся на літаратурным небасхіле ў розныя часы, аб’ядноўвае і радніць многае: прыродны талент, уражлівасць душы, схільнасць да глыбокіх перажыванняў і буйность фантазіі. Затым ўдзельнікі мерапрыемства чыталі вершы. У цэнтры творчасці абраных імі паэтаў — чалавек і яго лёс, а асноўная тэма — тэма духоўнага адраджэння нацыі. І, вядома, лейтматывам усяго вечара гучалі радкі Уладзіміра Караткевіча:

«На Беларусі Бог жыве» —

Так кажа мой просты народ.

Тую праўду сцвярджае раса ў траве

І адвечны зор карагод…

19 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий