Дзятлавіцкі Спаса-Праабражэнскі манастыр — адна з галоўных праваслаўных святыняў Палесся, на жаль, назаўсёды страчаная.
Доўгі час гісторыкі і краязнаўцы зусім рэдка пісалі пра Дзятлавіцкі манастыр. Да рэвалюцыі пра яго згадвалі коратка ў апісаннях гісторыі Мінскай епархіі. Да апошняга часу пра манастыр існавалі ўсяго два артыкулы: асноўны — вядомага краязнаўцы Льва Коласава і невялікі — студэнткі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта Т. Сіліванюк (мабыць, частка яе дыпломнай працы). І толькі ў апошнія гады сталі з’яўляецца цікавыя і больш падрабязныя даследаванні. Цікавая інфармацыя пра манастыр маецца ў кнізе брэсцкага краязнаўцы Валерыя Мароза «Драўляныя сакральныя помнікі Брэсцкай вобласці» (Мінск, 2018). У серыі «Лунінецкі сшытак» (2013 г.) і ў польскім краязнаўча-культурным зборніку «Bielski Hostinec» (2018) апублікаваны даследаванні пінскага гісторыка А. Ільіна. Мы сабралі і сістэматызавалі ўсе даступныя публікацыі і на іх аснове стварылі гэты электронны рэсурс.