Лунінецкія Каласавіны

Напачатку лістапада ў бібліятэках Лунінецкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прайшлі мерапрыемствы пад агульнай назвай “Лунінецкія Каласавіны”, прысвечаныя творчасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і прымеркаваныя да дня яго нараджэння.

У бібліятэках былі аформлены кніжныя выставы, адкрытыя прагляды літаратуры, праведзены літаратурныя і паэтычныя вечары.

1 лістапада ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі на літаратурную вечарыну, прысвечаную 137-годдзю знакамітага песняра сабраліся вучні старэйшых класаў СШ №1. Вядучая мерапрыемства, галоўны бібліятэкар Ірына Навацкая (на ніжнім здымку справа) распавяла пра тое, кім з’яўляецца Якуб Колас для нашай нацыі, нагадала, што ў 1911-1912 гадах Якуб Колас жыў і працаваў у Лунінцы.  Тут ён настаўнічаў, пісаў вершы, тут нарадзіліся некаторыя главы паэмы “Сымон-Музыка”. У 1947 годзе Колас зноў наведаў Лунінецкі раён, цяпер у якасці дэпутата Вярхоўнага Савета БССР.

Школьнікі пазнаёміліся з кніжнай выставай, на якой былі прадстаўлены творы Якуба Коласа і кнігі пра яго жыццё і творчасць, паглядзелі відэяфільм “Колас вечна будзе жыць”. Вераніка Кужко (на ніжнім здымку злева), Аліса Макарава, Дар’я Брэзіна і іншыя вучні чыталі вершы паэта. А закончыўся вечар віктарынай, падчас якой удзельнікі мерапрыемства прадэманстравалі свае веды творчасці Я. Коласа. Хочацца верыць, што гэтая сустрэча дапаможа моладзі пранікнуцца любоўю да роднай мовы і літаратуры, да прыгажосці роднага краю.

39 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий