Прэзентацыя «Літаратурнай карты Лунінеччыны»

29 лістапада 2017 года ў Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя “Літаратурнай карты Лунінеччыны”. Мерапрыемства адкрыла дырэктар ДУК “Лунінецкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” Алена Кішкевіч.

(на фота 1-я злева). Яна адзначыла, што ў параўнанні з іншымі раёнамі літаратурная гісторыя Лунінеччыны можа здацца не такой багатай і разнастайнай, бо наш раён не з'яўляецца радзімай знакамітых пісьменнікаў-класікаў. Але нам ёсць чым ганарыцца. У розныя часы ў Лунінцы і раёне пражывалі Якуб Колас, Аляксандр Блок, Андрэй Макаёнак, Уладзіслаў Нядзведскі і многія іншыя вядомыя пісьменнікі. Доўгія гады плённа працуюць мясцовыя краязнаўцы і літаратары. Наша бібліятэка стала месцам творчых зносін, месцам сустрэч з пішучымі людзьмі. Літаратурны працэс, які ідзе на Лунінеччыне, абудзіў супрацоўнікаў бібліятэкі і яе партнёраў да стварэння літаратурнай карціны раёна. Мы доўга думалі ў якой форме гэта зрабіць і вырашылі, што найбольш аптымальна гэта будзе выглядаць у форме літаратурнай карты. Алена Васільеўна выказала падзяку ўсім супрацоўнікам бібліятэкі, якія прынялі ўдзел у дадзеным праекце, а таксама падзякавала за плённае супрацоўніцтва партнёраў бібліятэкі, у першую чаргу журналіста, гісторыка, краязнаўцу Вадзіма Жылко (на фота 2-гі злева), які зрабіў вялікі ўклад у стварэнне літаратурнай карты. У сваім выступленні Вадзім Вітальевіч падрабязна распавёў пра гэтую працу.

Вядучыя мерапрыемства Ірына Навацкая і Наталля Кіпцэвіч разам з чытальнікамі вершаў Алінай Вароніч, Алінай Германовіч, Юліей Цітовай, Дар’ей Грабовіч, Вольгай Калянковіч (на фота 3-я злева) у мастацкай форме прадставіді літаратурную гісторыю Лунінецкага раёна.

Падчас мерапрыемства быў прадстаўлены толькі пачатак вялікай крапатлівай працы. Па яе заканчэнні на карце (дакладней у дадатку да яе) будуць прадстаўлены па магчымачці поўныя біябібліяграфічныя звесткі аб ураджэнцах Лунінеччыны і тых, чыё жыццё звязана з нашым раёнам. Гэта вядомыя і пачынаючыя пісьменнікі, паэты, журналісты, краязнаўцы, чыімі талентамі ствараецца гісторыя нашага краю. Многія з іх прысутнічалі ў зале, бралі слова, распавядалі пра сваю творчасць, чыталі свае новыя творы.

Пачата стварэнне электроннай версіі літаратурнай карты, якую мы размяшчаем на нашым сайце.

 

 

 

 

 

48 просмотров
Поделиться в социальных сетях:

Добавить комментарий